Арнольд МакМілін: «Беларусы куды больш прыемныя, чым рускія, хаця ў мяне руская жонушка»

На ягоным пісьмовым стале ў кватэры блізу Тэмзы цяпер кніга Змітра Пляна, ён закаханы ў паэзію Вікі Трэнас і любіць беларускую камерную музыку.

Доктар славянскай філалогіі, прафесар Лонданскага ўніверсітэту Арнольд МакМілін паўстагоддзя вывучае беларускую мову, літаратуру, культуру. Ён выдаў чатыры кнігі па гісторыі беларускага прыгожага пісьменства. Цяпер піша пра самых маладых паэтаў краіны, якую цягам апошніх пятнаццаці гадоў наведвае пры кожнай мажлівасці.

«Трэба мець шмат грошай, каб проста так прыехаць з Лондану ў Мінск, але кожны шанец прыехаць у Беларусь для мяне — свята душы. Гэта мне прыемна. Маю шмат сяброў тут, добрых, новых і ганаровых, як многія пісьменнікі.

Спачатку я думаў, што больш не буду прыязджаць пасля смерці Васіля Быкава. Але гэта былі кароткія сумневы, і ўжо кожны раз, як прыязджаў, сустракаўся з Барадуліным. Вялікі гонар для мяне, калі ў ягоным зборы твораў змясцілі фатаздымак, пад якім напісана «Ангельскі беларус». Гэта я.

Для перакладчыка беларускай літаратуры важна ведаць, што ягоны пераклад будзе надрукаваны. Вялікае выключэнне тут — гэта Васіль Быкаў, які пісаў па-беларуску, потым былі рускія пераклады і адтуль англамоўныя.

Хто знаёмы ў нас з беларускай мовай, акрамя эмігрантаў? Няшмат. А руская мова паўсюль. Славістыка ў нас на Альбіёне — гэта не славістыка, гэта русістыка.

Васіль Быкаў мае па-ангельску і добрыя, і не вельмі пераклады сваіх твораў. І Уладзімер Караткевіч у савецкі час меў тут кустарны пераклад, але я чуў, што ёсць новы пераклад яго рамана «Дзікае паляванне караля Стаха».

Нобелеўская прэмія — вельмі дзіўная прэмія, але я ведаю дакладна, што калі вылучылі Васіля Быкава, то Чэслаў Мілаш і Вацлаў Гавел, вельмі вядомыя пісьменнікі і асобы, падтрымлівалі яго. Ён не атрымаў Нобеля. А калі вылучылі Рыгора Барадуліна, Нобелеўскі камітэт напісаў мне ліст з просьбай выказацца, што я думаю пра яго творы. Я парэкамендаваў Барадуліна, як мог. А паэзію рэкамендаваць вельмі цяжка. Большасць нобелеўскіх лаўрэатаў пішуць прозу.

Перакладаць паэзію — вельмі цяжкая рэч. Вера Рыч у 60-я гады магла добра гэта рабіць, а потым стала трошкі горш. Тым не менш яна валодала рэдкім талентам перакладчыцы з беларускай на ангельскую.

Калі ў Беларусі тут моўная рускасць паўсюль — гэта вельмі цяжка для літаратуры беларускай. Трэба вучыць дзяцей беларускасці. Але і тады, калі было больш беларускіх школ, не самых цікавых аўтараў уключалі ў праграму па беларускай літаратуры. Я гэта таксама добра ведаю. Але я не хачу тут сядзець і сумаваць пра гэта, хоць мне не вельмі прыемна гэта ведаць.

Але я чытаю пра тое, што больш і больш беларускай моладзі гаворыць на беларускай мове. Магчыма, гэта — як від пратэсту.

Я раблю для Беларусі, што магу, і мне заўсёды прыемна тут быць. Безумоўна, мне сумна тут ад таго, і сяго, і трэцяга, але я ўсім гавару, што беларусы куды больш прыемныя, чым рускія, хаця ў мяне руская жонушка".

Валянціна Аксак


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение