Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка сумесна з мэрыяй 16-й акругі Парыжа адкрыў у Парыжы выставу беларускіх сучасных мастакоў "Забор". Сярод мастакоў, чые працы ўбачаць парыжане, - Руслан Вашкевіч, Віктар Альшэўскі, Уладзіслаў Стальмахоў, Сяргей Каваль і Сяргей Грыневіч.
Беларускі арт-праект "Забор" накіраваны на тое, каб праца мастака была бліжэйшай да гледача. Ідэя выставы была рэалізавана ў Мінску і іншых абласных гарадах Беларусі ў выглядзе велізарных рэпрадукцый карцін сучасных беларускіх мастакоў проста на плоце ў цэнтры горада. "Прыезд арт-праекта "Забор" у Парыж накіраваны на тое, каб пазнаёміць патрабавальнага, але і цікаўнага французскага гледача з беларускім выяўленчым мастацтвам", - паведамляецца ў рэлізе. Максімальна даступная выставачная пляцоўка - унікальная магчымасць прадставіць беларускае выяўленчае мастацтва парыжанам.
"Беларуская культура праз усю гісторыю свайго развіцця з'яўлялася часткай еўрапейскай культурнай прасторы. Мы ўбіралі ў сябе, з аднаго боку, тое новае, што прыходзіла да нас з еўрапейскіх краін, а з другога боку, аддавалі ў скарбонку еўрапейскай культуры тое ўнікальнае, што нараджалася на беларускай зямлі. Такіх прыкладаў мноства, пачынаючы ад уплыву французскай архітэктуры ў XV-XVI стагоддзях пры ўзвядзенні палаца ў Нясвіжы, Мірскага замка і іншых аб'ектаў спадчыны, стварэнне ў XVII-XVIII стагоддзях у духу знакамітага Версаля беларускіх паркаў з французскім дэкорам у Альбярціне пад Слонімам, Нясвіжы, Бачэйкава і іншых месцах Беларусі. Гэта і прыклад навучання французскай школе сцэнічнага танцу беларускіх балетных труп у Гродне і Паставах у 1780-я гады. Гэта і след, які пакінулі ў Францыі Міхаіл Клеафас Агінскі, Напалеон Орда, і, безумоўна, парыжская школа з Маркам Шагалам, Хаімам Суціным, Міхаілам Кікоіным і Восіпам Цадкіным", - сказаў на адкрыцці пасол Беларусі ў Францыі.