Вячка Целеш: «На мяне працаваў увесь Савецкі Саюз»

Як у яго апынулася асадка Караткевіча, а таксама чаму Барадулін папрасіў за падарунак 15 капеек, распавёў «Звяздзе» рыжскі мастак з трывалымі беларускімі каранямі

У Латвію Вячка Целеш прыехаў у пошуках працы 19-гадовым юнаком. У той час, прызнаўся, цярпець не мог беларускую мову, размаўляў выключна па-руску. Цяпер жа, з вышыні пражытага, дзякуе Богу, што сустрэў на сваім шляху людзей, якія абудзілі ў ім беларуса. Сярод тых, хто заразіў сваёй беларускасцю, многімі любімыя Уладзімір Караткевіч, якога 30 гадоў таму забрала «Ладдзя роспачы», і Рыгор Барадулін, які сышоў «У неба пехатою» сёлета.

Вячка ЦЕЛЕШ упершыню паказаў журналістам сваю калекцыю аўтографаў: «Пятрусь Броўка, у адрозненне ад Максіма Танка, падпісаў картачку на рускай мове».

«Караткевіч узрадаваўся, калі ўбачыў на паштоўках сваю Оршу»

Уладзімір Сямёнавіч любіў адпачываць у Юрмале ў Доме творчасці пісьменнікаў. Менавіта там Вячку Целешу і выпала магчымасць пазнаёміцца з аўтарам «Каласоў пад сярпом тваім».

— З Караткевічам мяне пазнаёміў мой сябра Сяргей Панізнік. У той дзень Уладзімір Сямёнавіч падпісаў мне сваю кнігу. Я ж набраўся смеласці і прапанаваў яму памяняцца асадкамі. Пісьменнік з задавальненнем згадзіўся. Доўгі час я беражліва захоўваў тую асадку як памятку аб першай сустрэчы. Чатыры ж гады таму перадаў яе ў дар музею Караткевіча.

Ужо на той час у Вячаслава Целеша была дастаткова вялікая калекцыя старых паштовак з краявідамі Беларусі.

— Я паказаў Караткевічу тыя, што з выявамі яго роднай Оршы. Уладзімір Сямёнавіч быў у вялікім захапленні. Сказаў: «Мой сябар Адам Мальдзіс таксама збірае паштоўкі. Прыедзеш у Мінск, я цябе з ім пазнаёмлю». І стрымаў сваё слова… У даследчыка сапраўды была досыць багатая калекцыя паштовак з відамі Мінска, некаторыя з іх я нават атрымаў у падарунак. Менавіта Адам Мальдзіс, як ён сам кажа, сасватаў мяне з выдавецтвам «Беларусь». Завёў мяне туды, я паказаў паштоўкі, і яны згадзіліся іх надрукаваць. Спачатку выйшаў альбом «Мінск на старых паштоўках». Праз 14 гадоў, якраз на маё 60-годдзе, выдалі кнігу «Гарады Беларусі на старых паштоўках». Яна ўжо вытрымала ажно тры перавыданні. Цяпер рыхтуецца чацвёртае, дапоўненае. У ім будзе ўжо не 600 старых паштовак, а звыш 800.

Падчас працы над гэтай кнігай Вячка Целеш аб’ехаў амаль усю Беларусь. Спыняўся ў гатэлях і шукаў мясціны, адлюстраваныя на старых выявах, параўноўваў з рэчаіснасцю, даследаваў гісторыю кожнага будынка, вуліцы…

— На мяне працаваў увесь Савецкі Саюз, — усміхаецца калекцыянер. — Меў карэспандэнтаў у Харкаве, Уладзівастоку, Таліне, Маскве, Ленінградзе… Яны калекцыянавалі паштоўкі з гарадамі Расіі, Украіны, а ў Латвіі ў тыя гады старых паштовак з відамі гэтых рэспублік было шмат. Узамен мне дасылалі Рыгу і Беларусь.

Калі паступіў у Акадэмію мастацтваў, у мяне ўжо было двое дзяцей. Жонка не працавала, таму, каб неяк пражыць, я пасля вучобы бег на падпрацоўкі. Грошы аддаваў жонцы, з якіх яна выдзяляла мне рубель на абед. Я ж, як правіла, спускаў свае абедзенныя грошы на паштоўкі і часцяком хадзіў галодным.

Злева — Алег ЛОЙКА, яго жонка Лілія, Уладзімір КАРАТКЕВІЧ, Вячка ЦЕЛЕШ і Мірдза АБАЛА ў Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981 года.

«Новы год з дзядзькам Рыгорам сустракалі сем’ямі»

«Хоць я жыву ў Латвіі больш як 50 гадоў, гэта ўжо другая радзіма, але ўсё ж мае карані, мая любоў — на беларускай зямлі», — кажа спадар Вячка. І гэта, паверце, не пустыя словы. Справы, якія на карысць Беларусі зрабіў апантаны і неабыякавы зямляк, можна пералічваць бясконца. Менавіта дзякуючы яму ў Рызе 20 гадоў таму з’явілася дзяржаўная беларуская школа, аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», латвійскае таварыства беларускай культуры «Світанак»…

Вельмі шчаслівы, што выдаў летась у Мінску кнігу пра свой радавод «Адсюль наш род — тут мой прычал». Пад адным «дахам» (вокладкай) аб’яднаў паўтысячы Целешаў з розных мясцін свету, што паходзяць з яго радзімы — сучаснага пасёлка Краснасельскі, што на Ваўкавышчыне.

— Мяне заўсёды цікавіла гісторыя, але ж па адукацыі я мастак. Таму, вядома, хацелася б паспець яшчэ напісаць кнігу «Мой шлях у мастацтва». Распавесці пра тых людзей, без якіх я б быў не я. Адзін з іх — Уладзімір Караткевіч.

Калі Уладзімір Сямёнавіч быў у мяне дома, я яму падараваў сваю карціну. На ёй восеньскае дрэва. Неўзабаве атрымаў ад яго ліст: «Вячка, твая купіна, як сонца гляне ў мой пакой, проста палае». Караткевіча я не паспеў намаляваць. Збіраўся ўсё… Калі ён у Дубултах адпачываў, у пакойчыку з балконам і з відам на мора, я нават паспеў зрабіць накіды лямпы, стала… Думаў намаляваць яго на фоне мора. Але так і не паспеў нічога зрабіць. Адзінае, што я яму экслібрыс прысвяціў на 50-годдзе. Надрукаваў недзе 100 ці 200 экзэмпляраў. І даслаў яму па пошце. У адказ атрымаў: «Вячка, я б наклеіў на ўсе кніжкі, але ж не хапае. Ці можаш яшчэ надрукаваць?» Яму розныя мастакі прысвячалі экслібрысы, але казаў, што мой найбольш спадабаўся.

Старонка з вершам Рыгора Барадуліна з кнігі гасцей былой майстэрні Вячкі Целеша «Беларуская хатка».

Памятаю, як ён прыехаў з жонкай Валянцінай у Рыгу. Папрасіў мяне, каб я звазіў іх у музей пад адкрытым небам. Разам з намі тады былі таксама Алег Лойка з жонкай, Сяргей Панізнік ды Мірдза Абала. Гарачыня стаяла несусветная. Калі праходзілі ля возера, Караткевіч звярнуўся да мяне: «Вячка, пайшлі пакупаемся, а то горача». Такі худы быў. Яму было крыху больш за 50 гадоў, а выглядаў на ўсе 70. Ён ужо тады моцна хварэў. Па дарозе на вакзал запрасіў іх у «Беларускую хатку», у мяне раней была майстэрня ў самым цэнтры Рыгі. «Вячка, куды там, горача», — адмахнуўся ад прапановы Караткевіч. Я ж не адступаў: «Зойдзем, паглядзіце хоць…». Я ўзяў бутэлечку лікёру, зрабіў кавы. Уладзімір Сямёнавіч ужо ні грама не браў.

Менавіта падчас той сяброўскай сустрэчы Караткевіч напісаў у гасцявой кнізе Целеша дасціпныя радкі, якія да таго ж яшчэ і праілюстраваў.

— Намаляваў, як я вылажу з краснасельскай крэмнездабыўнай шахты з фарбамі ў руках, а таксама сябе і сваю жонку «ледзь не на карачках».

На наступны год я прыязджаў у Мінск, праведваў Уладзіміра Сямёнавіча з мастаком Валерыем Дзевіскібам. Ля яго ложка было настаўлена процьма лекаў. Піў іх пастаянна. Як цяпер памятаю, дастаў бутэльку гарэлкі, шклянкі і кажа: «Хлопцы, пакуль Валянціна яшчэ ў магазіне, выпіце». Ён гатовы быў аддаць усё да апошняга. Вельмі добры быў чалавек, заўсёды вясёлы, добразычлівы, адкрытая душа.

У Доме літаратара была вечарына, мы з Сяргеем Панізнікам прыйшлі туды. Там сустрэлі Караткевіча. «О, Вячка, сябра!». І абдымае. Які я сябар? Для мяне Уладзімір Сямёнавіч — велічыня. Тым больш старэйшы за мяне на 8 гадоў. Ён быў не зорны. Свае кніжкі мне дарыў з надпісамі. Шмат не пісаў. Напрыклад, «Князю Вячку, каб стаяў на рубяжы».

Барадулін таксама завітваў да мяне ў майстэрню. Яго верш ёсць у кнізе водгукаў. Цудоўны чалавек быў. Мне нават пашчасціла з ім аднойчы Новы год сустрэць. Прыехаў з жонкай Валянцінай у Рыгу, у гатэлі спыніўся і патэлефанаваў мне. Кажу: «Дзядзька Рыгор, дык давайце да мяне едзьце, будзем разам сустракаць Новы год».

Што цікава, з ім мяне пазнаёміў таксама Сяргей Панізнік. У той час я быў у яго дома, ва Уруччы. Тады туды ненадоўга завітаў Рыгор Барадулін. Падарыў мне складны ножык. Пытаецца: «15 капеек ёсць? Купі. Бо дарыць нож сябрам нельга — сімвал варожасці». Потым падарыў мне яшчэ гальштук — вязаны, з арнаментам. Гэта быў вельмі шчыры чалавек і геніяльны паэт. Каб так пісаць вершы экспромтам…

Старонка з вершамі і малюнкамі Уладзіміра Караткевіча з кнігі гасцей былой майстэрні Вячкі Целеша «Беларуская хатка».

«У Латвіі задумаўся: хто я?»

Спадар Вячка, аказваецца, калекцыянаваў не толькі паштоўкі, але і аўтографы на паштоўках. Прызнаўся, што пра гэта сваё захапленне журналістам ніколі яшчэ не распавядаў. Мне ж паказаў нават альбом, дзе аўтографы Шолахава, Барыса Палявога, Гурчанкі, Ноны Мардзюковай, Ралана Быкава… Сярод славутасцяў, што прыемна, нямала з беларускімі каранямі: Церашкова, Шастаковіч, Зоська Верас, Пімен Панчанка, Сяргей Пяюн… «Дарэчы, паглядзіце: Пятрусь Броўка, у адрозненне ад Максіма Танка, падпісаў картачку на рускай мове», — звяртае ўвагу спадар Вячка.

— Я адкрыта гавару: раней не цярпеў беларускую мову. Хоць маці з бацькам па-беларуску ў хаце размаўлялі, але ж вучыўся я ў рускай школе. Настаўнік беларускай мовы сваім выкладаннем, на жаль, не прывіў любоў да мовы, наадварот, адбіў усялякае жаданне гаварыць па-беларуску. Слухаць яго было нецікава. Ён гэта бачыў, таму час ад часу падымаў то аднаго, то другога: «Устань, пра што я толькі што казаў? Ну дык аб чым ты думаеш? Аб салодкіх крэндзелях ці аб нябесных фіялках?» Пасля гэтых слоў увесь клас смяяўся, бо голас у яго быў працяжны, непрыгожы, нейкі пісклявы. Мова асацыявалася ў мяне з ім, таму і размаўляў па-руску. Больш за тое, у той час распаўсюджвалі меркаванне, што руская мова перспектыўная. А з беларускай цяжка ўладкавацца на працу, цяжка пазнаёміцца з дзяўчынай…

Ужо калі вучыўся ў Латвійскай акадэміі мастацтваў, пазнаёміўся з беларускай інтэлігенцыяй — Аляксеем Марачкіным, Яўгенам Куліком і Міхасём Чарняўскім. Яны ўсе гаварылі па-беларуску, таму я сярод іх быў белай варонай. Тады і задумаўся: хто я? Дарэчы, менавіта ад латышоў навучыўся размаўляць па-беларуску, цаніць сваю мову, сваю гісторыю, культуру, бо яны — ці гэта педагог, ці студэнт, ці просты рабочы (да паступлення ў Акадэмію я ж працаваў на Рыжскім цэментным заводзе слесарам) — ніколі паміж сабой на іншай мове не размаўляюць. Толькі па-латышску. На мяне ж нават цяпер, калі прыязджаю ў Беларусь, многія глядзяць, як на дзівака, калі гавару па-беларуску…

Надзея ДРЫЛА.

Мінск — Юрмала — Рыга — Мінск.

Фота аўтара, Сяргея Панізніка і з архіва Вячкі Целеша