Наталля Гардзіенка пра VI Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Коўна

Паводле афіцыйных звестак, у сёлетнім Кангрэсе ўдзельнічала каля 450 чалавек з 20 краінаў. Тут працавалі пятнаццаць секцый, і ў працы кожнай была свая адметнасць, а таму гісторыі пра гэтае мерапрыемства ў розных удзельнікаў будуць істотна розніцца. Мая справаздача будзе звязаная з працай секцыі “Беларускае замежжа і памежжа ў гісторыі і сучаснасці”. 

Гэтая секцыя стала вынікам злучэння трох тэматычных напрамкаў: “Беларускае памежжа”, “Беларускае замежжа”, і “Беларусы ў Польшчы”. Усяго на секцыі былі запланаваныя выступы 31 навукоўца з 8 краінаў (Беларусь, Польшча, Літва, Україна, Вялікабрытанія, Расія, Італія і Германія). Што праўда, не ўсе даехалі да Кангрэсу, але пераважная большасць заяўленых удзельнікаў была, і праца атрымалася вельмі цікавай. Перш чым перайсці ўласна да секцыі, хачу згадаць адкрыццё на Кангрэсе цікавай выставы, прысвечанай Віленскай беларускай гімназіі. Адкрывалі яе Томаш Блашчак і Людвіка Кардзіс. Рэдкія фотаздымкі, дакументы, сшыткі, падручнікі, вышыванкі і іншае, звязанае з гэтай навучальнай установай і яе вучнямі, маглі ўбачыць удзельнікі Кангрэсу.

Першая панэль, якая пачала працу ў пятніцу 3 кастрычніка, была прысвечана пытанням межаў і памежжа. Мадэравалі яе Ганна Запартыка і я.

Алег Латышонак з Беластоцкага ўніверсітэту тут распавёў пра розныя бачанні цывілізацыйнай прыналежнасці Беларусі і прыйшоў да высновы, што найбольш ягонаму ўяўленню адпавядае канцэпцыя Фелікса Канечнага і аднясенне беларусаў да туранскай цывілізацыі.

Дарота Міхалюк з Універсітэта Мікалая Каперніка разгледзела больш вузкае пытанне, звязанае з мапай БНР 1918 г., яе паходжаннем і аўтарствам. Паводле выступоўцы, адным з найбольш верагодных аўтараў можа быць немец Вальтар Егер, хоць гэта яшчэ хучтэй гіпотэза, якая патрабуе пацверджання.

У працяг тэмы Вольга Масцяніца з Інстытуту гісторыі Літвы разгледзела варыянты разумення Беларусі, беларускай тэрыторыі яшчэ на пачатку ХХ ст. у розных беларускіх выданнях.

Надзвычай цікавы даклад прадставіла Вольга Ляўчук з Варшаўскага ўніверсітэту. За інтрыгуючай назвай “Непаўторны свет чалавека памежжа” хаваліся вынікі палявых доследаў, зробленых на Пастаўшчыне. Тут закраналіся пытанні і нацыянальнай, і рэлігійнай ідэнтыфікацыі жыхароў, падмацаваныя звесткамі, атрыманымі ў ходзе запісу інтэрв’ю з мясцовымі жыхарамі.

Апошні выступ на тэму межаў і памежжа зрабіў адзін з арганізатараў секцыі і Кангрэсу наогул Томаш Блашчак з Універсітэту Вітаўта Вялікага ў Коўна. Ён распавёў пра абставіны і асаблівасці вызначэння беларуска-літоўскай мяжы ў 1939 г.

Пасля перапынку на каву пачала працу панэль “Беларускае замежжа: крыніцы і інтэрпрэтацыі”, якую мадэравалі Алег Латышонак і Томаш Блашчак.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіву-музею літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка расказала пра гісторыю з’яўлення фондаў беларускай эміграцыі ў згаданым архіве, іх асаблівасці і сучасны стан апрацоўкі. Былі згаданыя цікавыя акалічнасці перадачы ў архіў дакументаў Міхася Забэйды-Суміцкага, Масея Сяднёва, Антона Адамовіча, Вітаўта Кіпеля, Янкі Запрудніка.

Далей Зміцер Матвейчык з Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі распавёў пра Міхала Валовіча і яго эсэ, прысвечанае партызанскай барацьбе, знойдзенае ў зборах Польскага інстытуту ў Парыжы. На жаль, Зміцер быў адзіным спецыялістам па эміграцыі ХІХ ст., які змог прыехаць на Кангрэс. Аднак даклад яго выклікаў ва ўсіх прысутных на пасяджэнні вялікую цікавасць.

Мікола Пачкаеў, старшыня Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, прадставіў даклад на тэму “Падыходы да традыцыі беларускай дзяржаўнасці ў эміграцыі: статус Рады БНР як палітычнай інстытуцыі і як суб'екта гісторыі з гледзішча сучасных даследчыкаў”. Ён звярнуў увагу на тое, што Раду БНР нельга прадстаўляць як проста адну з эміграцыйных арганізацый.

Ілля Дзяменцьеў з Балтыйскага федэральнага ўніверсітэту імя І. Канта ў Калінінградзе распавёў пра беларускую прысутнасць у Калінінградскай вобласці ды магчымыя спосабы яе камемарацыі. Калінінградская вобласць з’яўляецца самым беларускім рэгіёнам Расіі, адзіным, дзе беларусы складаюць другую паводле колькасці (пасля расійцаў) нацыянальную групу (каля 10%). Думаецца, што вывучэнне іх вопыту і актыўнасці можа быць перспектыўнай тэмай.

На жаль, не прыехала на Кангрэс Вольга Іванова з Беларускага дзяржаўнага універсітэту, і прысутныя не змаглі паслухаць даклад, прысвечаны вусным успамінам прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Аднак тэкст гэтага дакладу будзе апублікаваны ў “Запісах БІНіМ”, і ўсе зацікаўленыя змогуць з ім пазнаёміцца. Другі дзень працы пачаўся рана, так што ўдзельнікі секцыі збіраліся вельмі павольна.

Новая панэль была прысвечана праблемам беларускага замежжа ў міжваенны перыяд. Паколькі адзін з мадэратараў (Юры Грыбоўскі) не прыехаў на кангрэс, то я ўзялася дапамагаць Сяргею Шабельцаву ў гэтай справе. Першай слова мела Вольга Ямкова з Кіеўскага нацыянальнага універсітэту імя Тараса Шаўчэнкі, якая расказала пра беларускае студэнцтва ў чэшскіх навучальных установах у 1920-х — 1930-х гг. Яна прывяла цікавыя статыстычныя звесткі і архіўныя матэрыялы пра беларускіх студэнтаў у Брно.

Змяніў заяўленую ад пачатку тэму Андрэй Буча з Мінску, які расказаў пра Беларускі кабінет ва Украінскім інстытуце грамадазнаўства ў Празе, які дзейнічаў у 1920-х гг. на чале з Тамашам Грыбам. У якасці супрацоўнікаў кабінета выступалі таксама Сяргей Бусел, Мікола Ілляшэвіч, Мікола Чарнецкі, Ігнат Сланеўскі. Беларускі кабінет збіраў бібліятэку, архіў, займаўся беларусазнаўчымі даследаваннямі. Фактычна, гэта была першая беларуская даследчая ўстанова на эміграцыі.

У працэсе дыскусіі высветлілася, што ў Вольгі Ямковай і Андрэя Бучы супольныя інтарэсы ў агучанай тэме, і яны дамовіліся зрабіць агульную публікацыю, параўнаўшы тыя дакументы, на якія кожны з іх абапіраецца ў сваіх даследаваннях. На жаль, з прычыны страты голасу, не змагла прадставіць свой даклад на Кангрэсе прысутная Вольга Зубко з Вінніцкага нацыянальнага аграрнага універсітэту. Аднак яе тэкст, таксама прысвечаны беларускім пражанам, будзе апублікаваны ў “Запісах БІНіМ”. Яе калега з Міжнароднай акадэміі кіравання персаналам у горадзе Хмельніцкім Алена Барабаш прадставіла даклад на тэму “Беларусы ў эміграцыі як фактар нацыянальнай ідэнтыфікацыі, Прага 1920-я гг.” паспрабавала ацаніць наяўнасць пашпартоў БНР у беларускіх студэнтаў у Чэхаславачыне як фактар нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Гэтая тэза выклікала ажыўленую дыскусію ў прысутных.

На жаль, не дабралася да Кангрэсу Вольга Коваль з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту. Прысутныя з цікавасцю чакалі дакладу пра беларуска-украінскія ўзаемасувязі ў міжваенны час. Своеасаблівую чэхаславацкую тэму працягнуў Мікола Трус з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту, які расказаў пра Браціслаўскі архіў Людмілы Краскоўскай, яго ўкраінскія і беларускія зборы. Вядомы славацкі археолаг, дачка беларускага дзеяча Івана Краскоўская Людміла зберагла для нашчадкаў надзвычай цікавыя дакументы з міжваеннага і паваеннага часу. Частку ліставання з гэтага архіву (лісты Каберца, Жылкі, Луцкевіча і некаторых іншых) мы публікавалі ў апошніх “Запісах БІНіМ”.

Уладзімір Калупаеў з даследчага цэнтру “RussiaCristiana” з італьянскага мястэчка Серыята з’яўляецца даследчыкам расійскай эміграцыі. Аднак на кангрэсе ён прадставіў даклад на тэму “Беларускія місіянеры ў Харбіне (1928—1949)”, у якім цікава распавёў пра дзейнасць беларускіх айцоў-марыянаў і найбольш а. Язэпа Германовіча, а таксама пра тое, дзе ў якіх архівах можна шукаць матэрыялы па гэтай тэме.

У працяг тэмы Ірына Багдановіч з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту звярнулася ў сваім выступе да творчасці таго самага Язэпа Германовіча, найперш ягонай паэзіі. У дакладзе прагучалі ўрыўкі з твораў Вінцука Адважнага, прысвечаных праблемам беларусізацыі касцёлу.

Лена Глагоўская з Польшчы прадставіла даклад, прысвечаны дзейнасці і творчасці Хведара Ілляшэвіча ў апошні “нямецкі” перыяд ягонага жыцця. Выступоўца сканцэнтравалася на апісанні самога працэсу збору матэрыялаў пра гэтага дзеяча. Хочацца спадзявацца, што падрыхтаваная аўтаркай кніга пра Хведара Ілляшэвіча ўсё ж пабачыць свет.

Пасля гэтага выступу мы мелі перапынак на абед, пасля якога пачала працу новая панэль “Беларускае замежжа: асэнсаванне інтэлектуальнай спадчыны”, якую мадэравалі Мікола Трус і Андрэй Буча. Першым свой даклад агучыў Ціхан Чарнякевіч як прадстаўнік Выдавецкага дому “Звязда”. Ён расказаў пра ўспаміны Адама Варлыгі (Язэпа Гладкага) “Чутае. Бачанае. Перажытае”, якія зараз рыхтуюцца да друку і з’яўляюцца важнай крыніцай па беларускай гісторыі і міжваеннага, і ваеннага, і паваеннага часу.

Далей ішоў мой даклад пра мемуары сям’і Стагановічаў. Я распавядала пра ўнікальны выпадак у айчыннай эміграцыйнай мемуарыстыцы, а мо і не толькі эміграцыйнай, калі чатыры члены сям’і: бацькі Аляксандр і Марыя Стагановічы, ды дзеці Леў і Тамара - напісалі ў розны час кожны свае ўспаміны. Пры гэтым тэксты істотна адрозніваюцца адзін ад аднаго сваімі акцэнтамі, і пры гэтым разам ствараюць надзвычай цікавую гісторыю адной сям’і ў ХХ ст.

Пасля выступала Ганна Кісліцына з Цэнтру даследавання праблем культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, якая расказала пра вобраз “Беларускага калабаранта”, створаны на старонках “Запісак эмігранта” Лявона Савёнка ды “Дзённіка” Дзмітрыя Сямёнава.  Аўтар звярнула ўвагу на тыповыя рысы калабаранта, якія ў пэўнай меры выглядаюць як рысы нацыянальнага характару беларусаў.

Апошні даклад на гэтай панэлі прачытаў Сяргей Шабельцаў з Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту. Ён распавёў пра друкаваны орган беларусаў у Аргентыне “Новую газету”, што выдавалася ў Буэнас-Айрэсе ў 1936-1941 гг. і мела пракамуністычную скіраванасць. Аказваецца, і па адным знойдзеным нумары гэтай газеты можна шмат даведацца пра беларускую прысутнасць у згаданай паўднёваамерыканскай краіне.

Апошнім запланаваным на панэлі выступоўцам мелася быць Марына Чарнякевіч з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя М. Танка. Аднак па сямейных прычынах яна не змагла прысутнічаць, і тэма асаблівасцяў рэлігійнай лексікі ў беларускіх замежных перыядычных выданнях так і засталася ў нас нераскрытаю. Пасля заканчэння панэлі я мелася яшчэ зрабіць прэзентацыю “Запісаў БІНіМ” ды дыску беларускіх эміграцыйных калекцый. Праўда, прысутных на імпрэзе прэзентацыяў выдавецкіх праектаў было зусім няшмат. Але кожны, хто меў жаданне, змог і прэзентаваць свае выданні, і паслухаць пра чужыя. Дзякуй за здымак Яраславу Іванюку.

Апошнім пунктам афіцыйнай праграмы вечару было уручэнне прэміяў Кангрэсу, дзе было цікава папрысутнічаць не толькі таму, што мая з Лявонам Юрэвічам кніга пра Раду БНР трапіла ў шорт-ліст, але і каб парадавацца за іншых намінантаў і пераможцаў. Асабліва задаволіла, што прэмію за кнігу ў галіне гуманітарных навук, сумешчаную з прэміяй Зоры Кіпель, атрымаў Уладзімір Лобач. Мяне саму ў мінулым годзе гэтая кніга вельмі ўразіла. Пасля ўручэння прэміяў быў традыцыйны фуршэт, а потым зноў прыемная вячэра ў прыемнай кампаніі. Уласна на гэтым Кангрэс для мяне і скончыўся, бо на наступны дзень мы меліся рана з’язджаць, і таму не маглі трапіць на апошнюю панэль нашай секцыі, прысвечаную беларуска-польскім дачыненням. Спадзяюся, яна прайшла гэтаксама добра, як і папярэднія. Мне ж хацелася б толькі яшчэ падвесці некаторыя вынікі. Амаль усё, што я задумвала, калі бралася за арганізацыю тэматычнага напрамку, прысвечанага беларускаму замежжу, атрымалася. На Кангрэс прыехала пераважная частка запрошаных, былі цікавыя выступленні і абмеркаванні, шмат кантактаў. Радая была асабіста пазнаёміцца з Уладзімірам Калупаевым з Італіі, з якім дагэтуль мела толькі ліставанне. Цікава было спаткацца з ўкраінскай часткай секцыі, таксама раней знаёмай толькі завочна. Прыемным суразмоўцам аказаўся і Курт Вулхаўзер. Ну і зразумела, спатканне са старымі знаёмымі з Польшчы, Літвы дый Беларусі было вартым таго, каб прыехаць у Коўна. Чаго не хапіла? На дзіва не хапіла часу і сілаў на тое, каб паразмаўляць з усімі, з кім хацелася. Шмат каго бачыла толькі мімаходзь, віталася і далей бегла, хоць было б пра што паразмаўляць. Арганізацыя самога Кангрэсу была даволі добрая. Хоць з праграмай мерапрыемстваў, што адбываліся па-за секцыямі, не зусім усё было прадумана. Але ўсё ж галоўнае, што Кангрэс дае магчымасць кантактаў з калегамі, і за гэта арганізатарам належыць вялікая падзяка. Першы мой вопыт арганізацыі секцыі, такім чынам, выглядае станоўчым. І мяркую, што на наступным Кангрэсе можна было б зноў арганізаваць секцыю, прысвечаную замежжу, і адразу планаваць яе супольнай з памежжам.

Дзякую ўсім удзельнікам нашай секцыі! Мо спаткаемся праз год :).

Наталля Гардзіенка