Спадару Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку ад беларусаў Малдовы

Афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Рэспубліку Малдова - падзея найвышэйшай ступені важнасці і гістарычнага маштабу. Апошні раз Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка быў у Малдове з афіцыйным візітам аж у верасні 1995 года, калі адбылося афіцыйнае адкрыццё Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова.

А толькі на хвілінку задумайцеся, колькі людзей, чалавечых лёсаў, эмоцый, чаканняў, спадзяванняў і самых разнастайных абставінаў сплятаюцца ў адзіны клубок, каб ажыццявіць на належным найвышэйшым узроўні такога кшталту мерапрыемствы. Таму цалкам натуральна, што для беларускай дыяспары Малдовы афіцыйны візіт спадара Прэзідэнта і асабліва магчымасць сустрэчы з ім стала велізарным гонарам, шчасцем і паралельна з гэтым вельмі сур'ёзным выпрабаваннем на многія чалавечыя характарыстыкі. Працэс падрыхтоўкі да гэтай гістарычнай сустрэчы, а з ім і пытанне пра выбар падарунка ад беларусаў Малдовы для такой шматпаважанай, легендарнай і гістарычнай асобы як Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, стала прадметам адмысловага значэння і каштоўнасці для ўсіх нас.

На сённяшні дзень інфраструктура беларускай дыяспары Малдовы – гэта цэлы дзясятак афіцыйна зарэгістраваных і дзеючых на парытэтных пачатках этнакультурных аб'яднанняў, два з якіх маюць статус міжнародных аб'яднанняў, адно - рэспубліканскі і восем – муніцыпальных. Але ўсіх нас аб'ядноўвае тое, што дзякуючы толькі поклічу сапраўды беларускай душы і сэрца мы сваёй сумленнай, цалкам валанцёрскай працай дзень у дзень спрыяем ўзмацненню фактара беларускай прысутнасці за мяжой. А толькі ўявіце сабе, маючы на ўвазе шматграннасць нашай беларускай дыяспары Малдовы, які кастынг беларусу Малдовы трэба было прайсці, каб мець магчымасць прысутнічаць на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з суайчыннікамі з Малдовы?!

Трымаць перад Прэзідэнтам слова адным з першых ад імя беларусаў Малдовы ўдастоіўся легендарны і найгодны чалавек, сапраўдны герой нашага часу - Уладзімір Віктаравіч Вайцеховіч – дзевяностагадовы ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік Параду Перамогі 1945 года, доктар тэхнічных навук, Заслужаны педагог і грамадзянін Рэспублікі Малдова. З яго кароткай, але вельмі эмацыйнай і яркай прамовы да спадара Прэзідэнта асабліва запала ў сэрца фраза: «Дзякую за бездакорнае служэнне маёй роднай Беларусі, як Данко!».

Старшыня Беларускага культурнага руху Малдовы ўдастоілася таксама вялікага гонару - сустракаць хлебам з соллю і вітаць на роднай беларускай мове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Рэспублікі Малдова. А асабліва каштоўным стала для ўсіх нас, што спадар Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка выказаў словы падзякі менавіта па-беларуску!

 

Вельмі хочацца распавесці пра ініцыятыву, што вылучыў Беларускі культурны рух Малдовы, якую падтрымала большасць этнакультурных структур беларускай дыяспары ў Малдове і адобрыла Пасольства РБ у РМ, а канкрэтна: у якасці падарунка ад беларусаў Малдовы спадару Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь была абраная ўнікальная карціна знакамітага беларускага мастака з Малдовы Вячаслава Міхайлавіча Ігнаценкі пад назвай «Вясна – лета». Ах, як улетку прачынаецца смак да жыцця, як верыцца ў самае лепшае! Пейзаж мастака Ігнаценкі «Вясна - лета» ад беларусаў Малдовы – сімвалічнае пажаданне роднай Беларусі толькі самага яркага, самага чаканага і шматабяцальнага часу, калі ўсе няшчасці і лютыя маразы засталіся далёка і толькі самае прыгожае наперадзе, калі хочацца дыхаць на поўныя грудзі і радавацца, што ты жывеш на гэтай дабрадайнай зямлі! Менавіта гэты каштоўны мастацкі артэфакт, які сімвалізуе жыццё і свабоду як у першую раніцу лета, і стаў адмысловым падарункам ад усіх нас першай асобе Рэспублікі Беларусь. Мастацкая карціна «Вясна – лета» была перададзена з рук самога майстра ад імя ўсёй беларускай дыяспары Малдовы шаноўнаму спадару Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. На што Прэзідэнт душэўна адказаў: «Дзякуй. Гэта - у Палац Незалежнасці».

 

Вельмі шкада, што з незразумелай прычыны па ўсіх нацыянальных СМІ Рэспублікі Беларусь прайшла інфармацыя пра нейкае безназоўнае драўлянае пано, а не пра наш праўдзівы і сапраўды каштоўны падарунак.

Мастацкі твор «Вясна – лета» мастака Ігнаценкі стаў метафарычным шчырым пажаданнем ад беларусаў Малдовы ўсяго самага найлепшага роднай Беларусі і сімвалам нашай бездакорнай веры ў яскравую светлую будучыню Маці-Радзімы: «Квітней, наша радзімая зямелька, квітней, наша любая Беларусь!».

 

З павагай, Ганна Мазур

Старшыня праўлення БКРМ, культуролаг