Восеньскі марафон Новасібірскага цэнтра беларускай культуры

Верасень выявіўся даволі ўраджайным у працы НЦБК ва ўсіх сэнсах слова.

У Мінску ў пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь узяла ўдзел Ніна Кабанава, дырэктар НЦБК, член Савета.

Ніна Васільеўна распавядае: “На савеце прысутнічалі 24 удзельнікі і 13 запрошаных асоб. Міністр культуры РБ Барыс Святлоў зрабіў даклад аб сумеснай праведзенай працы міністэрства і падведамасных яму арганізацый па аказанні дапамогі і падтрымкі беларусаў замежжа і іх творчым калектываў з боку дзяржавы. Але галоўнае, паведаміў міністр, нарэшце прыняты закон аб беларусах замежжа. Выступілі і ўсе чальцы савета: хто з кароткай інфармацыяй аб працы арганізацыі, хто з каментарамі закона. А затым міністр праінфармаваў, што гэта апошняе пасяджэнне савета ў цяперашнім складзе. У новым складзе Кансультатыўны савет будзе функцыянаваць пры МЗС РБ. Асноўная дзейнасць беларусаў замежжа павінна быць накіраваная ўжо на рашэнне галоўным чынам эканамічных пытанняў”.

Пасля завяршэння працы члены савета са сваімі творчымі калектывамі ўзялі ўдзел у тым, што адбывалася ў гэтыя дні - Другім фестывалі мастацтваў беларусаў свету.

Уражаннямі пра фэст падзялілася запрошаная на свята салістка НЦБК Анастасія Трубянкова: «У фестывалі ўдзельнічалі творчыя калектывы і салісты з 15 краін свету. Расію прадстаўлялі 7 гарадоў, у тым ліку Новасібірск, ад якога я была дэлегаваная. Прыём быў цёплы, праграма шырокая. У першы дзень была вельмі цікавая экскурсія па прыгожым горадзе Мінску, а пасля адбыўся канцэрт на радзіме Якуба Коласа. У вёсцы нас сустрэлі па-асабліваму: з хлебам-соллю, з беларускімі песнямі - і правялі экскурсію па доме-музею, дзе нарадзіўся вялікі беларускі паэт.

Наступны дзень быў святочны для ўсяго Мінска - гэта быў Дзень нараджэння горада. Для нас свята пачалося з экскурсіі ў Беларускі музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які ўразіў нас сваёй багатай экспазіцыяй. А пасля адбыўся канцэрт на адкрытай пляцоўцы каля Палаца спорту, з удзелам усіх прыезджых калектываў.

Апошні дзень на фестывалі быў адмысловы, з хваляваннем усе чакалі падвядзення вынікаў. Узяць удзел у гала-канцэрце, які праходзіў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, удастоіліся далёка не ўсё. Але я трапіла ў лік шчасліўчыкаў! Удача ўсміхнулася мне і потым: я аказалася ў ліку ўзнагароджаных Ганаровай граматай Міністра культуры РБ. Дзякуй фестывалю і цяпер ужо амаль роднай мне шчодрай і гасціннай сталіцы Беларусі Мінску!”

А ў Машкова, што ў Новасібірскай вобласці, таксама праходзіў восеньскі фестываль ураджаю «Свята бульбы». Упершыню арганізаванае было свята яшчэ тры гады таму Новасібірскім цэнтрам беларускай культуры сумесна з адміністрацыяй і аддзелам культуры Машкоўскага раёна. За гэты час колькасць удзельнікаў і гасцей пастаянна дадаецца.

В саду в огороде расцвела картошка,

Вы хотите верьте, а хотите нет.

Соберу картошку положу в лукошко

И устрою гостям праздничный обед.

Немудрагелістыя гэтыя прыпеўкі, якія прагучалі са сцэны ля Дома культуры, сталі такой сабе прэлюдыяй да фестывалю. І гасцям сапраўды было прапанавана мноства страваў з бульбы, аднолькава любімай усімі. Добра знаёмыя па ранейшых фестывалях майстрыхі Н.Ф. Шахава, Р.А. Фядотава, Г.Д. Гушчына і новыя ўдзельнікі не пераставалі здзіўляць сваёй фантазіяй. Пад вясёлыя песні, якія выконваліся на сцэне як мясцовымі калектывамі «Соседушки», «Субботея», «Родова», так і гасцямі з Мочышча - вакальнай групай «Купалінка» і іншымі, дэгуставаліся і ацэньваліся салаты і кракеты, дранікі, бабкі і многае іншае. Агульная ацэнка была: усё сапраўды смачна! І дзякавалі за зборнік рэцэптаў пад такой жа назвай - “Смачна!”, нядаўна выдадзены НЦБК, які шмат у чым, дарэчы, стаў вынікам такіх фестываляў.

Праявілі фантазію і дзеці. На сталах побач з гатовымі стравамі яны выставілі свае вырабы з бульбы. Былі тут і матрошкі з дыназаўрыкамі, і вослікі з чарапашкамі, місіс і містэр Бульбачка, сямейства вожыкаў і мноства іншых, уключаючы казачных герояў і персанажаў мульцікаў.

Потым былі ўзнагароджанні. Падарункі і граматы ад адміністрацыі раёна і Новасібірскага цэнтра беларускай культуры атрымалі ўсе ўдзельнікі. А артысты на сцэне весела і азартна выказалі, думаецца, адчуванні і ўражанні ўсіх, хто прыйшоў на свята:

Ой, карто-картошка, корнеплод на ножке,

Без тебя, картошка, счастья в жизни нет.

Ты расти на радость, милая картошка,

Ведь тебя вкуснее в этом мире нет!

Людміла Бяляўская, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры