Беларусы Маямі прамянялі пляж на лук і стрэлы

Сябры Паўднёва-Фларыдскага гуртка Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА) адзначылі юбілейныя 500-ыя ўгодкі Аршанскай бітвы на стрэльбішчы.

У мінулую нядзелю, 28 верасня, упершыню над Фларыдай прагучала сярэднявечная малітва «Багародзіца». А пасля прэзентацыі пра перамогу польска-літоўскага войска пад Воршай, удзельнікі развучылі і старадаўні танец «Маразуля».  

Паўднёва-Фларыдскі гурток БАЗА ужо тры гады актыўна гуртуе беларусаў, а таксама запрашае амерыканцаў даведацца болей пра Беларусь.

Сяргей Волкаў, старшыня Паўднёва-Фларыдскага гуртка БАЗА: «На жаль, негатыў пра Беларусь распаўсюджваецца хутчэй. Амерыканскае грамадства больш ведае пра ўладу, чым пра беларускі народ. Мы абражаемся, калі за мяжой нас блытаюць з расійцамі ці ўкраінцамі. Але праз рэжым мы і самі сябе не да канца ведаем. Замоўчванне гістарычных фактаў, нашых перамог і дасягненняў замінае фармаванню беларускай самасвядомасці. А нам ёсць чым ганарыцца: маем сваю старажытную мову, багатую на перамогі гісторыю, і глыбокую культуру».  

Паліна Прысмакова, сакратар Паўднёва-Фларыдскага гуртка БАЗА: «БАЗА ў Маямі займаецца тым, чаго не зрабіла сістэма на Бацькаўшчыне -- даводзіць да людзей, адкуль яны ёсць. І зацікаўленасць у гэтым вялікая. Чым адметнае сяброўства БАЗА ў Маямі, нягледзячы на шалёны тэмп амерыканскага жыцця, дык гэта тым, што мясцовых беларусаў не трэба цягнуць на мерапрыемствы - яны знойдуць час! Бальшыня акцыяў БАЗА маюць спантанны характар флэшмоба. Але аднаго тэлефоннага званка дастаткова, каб людзі прыйшлі. Беларусы ў Фларыдзе галодныя на нацыянальныя мерапрыемствы: калі дранікі можна зрабіць самастойна дома, дык для паўнавартаснага духоўнага жыцця патрэбная суполка аднадумцаў. Паўднёва-Фларыдскі гурток БАЗА у значнай колькасці складаецца з эканамічнай эміграцыі, людзей папярэдне палітычна пасіўных. Гэтыя людзі прыходзяць у гурток БАЗА, калі, пабыўшы колькі год у ЗША, адчуваюць патрэбу самаідэнтыфікацыі -- адсюль і смага да беларускасці. А ўжо на мерапрыемствах БАЗА ўдзельнікі даведваюцца па дэталі беларускай гісторыі і культуры, пра якія яны нават не здагадваліся, калі жылі ў Беларусі».