Адкрыццё Якуба Коласа

12-14 верасня гэтага года я прымаў удзел у Другім фестывалі мастацтваў беларусаў свету. Праграма фестывалю была насычаная рознымі мерапрыемствамі, сярод якіх была і творчая сустрэча паэтаў і пісьменнікаў беларускага замежжа (літаратурная гадзіна з прадстаўленнем твораў аўтараў з ліку удзельнікаў фестывалю і з удзелам сябраў ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”). Адбывалася яна ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа па Акадэмічнай, 5.

Паэтаў з былога СССР было трое: апроч мяне, былі мае сябры-паэты Станіслаў Валодзька з Латвіі і Віталь Бартохаў з Крыму. Польшчу прадстаўлялі Міра Лукша, Кацярына Сянкевіч і Віктар Стахвюк. Радкі з паэмы народнага песняра з паэмы “Новая зямля” “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы...” жыве ў душах кожнага беларуса, які нарадзіўся і вырас у Беларусі, але воляй лёсу апынуўся за яе межамі. Таму мы ўсе ў замежжы захоўваем любоў да роднай мовы, нашай нацыянальнай літаратуры і культуры, гісторыі Беларусі...

Калі я даведаўся з праграмы фестывалю, што сустрэча адбудзецца ў Доме Коласа, быў вельмі ўсцешаны, бо да свайго жалю, а можа й сораму, яшчэ ніводнага разу мае ногі не пераступалі праз яго гасцінны парог. Маё сапраўднае адкрыццё Якуба Коласа пачалося з вітання спадарыні Зінаіды Мікалаеўны Камароўскай - дырэктара музею, якая ў сваім вітанні перадала нам сваю ўлюбёнасць у дзядзьку Якуба, у справу, якой яна тут займаецца доўгія гады. Да гэтага моманту маімі кумірамі ў беларускай літаратуры былі Янка Купала, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Кандрат Крапіва і Васіль Быкаў. Не, я ведаў творчасць Якуба Коласа са школьнай праграмы (“Сымон-музыка”, “Новая зямля”, “Дрыгва”, “На ростанях”...), але пасля агляду экспанатаў музею і аповеду экскурсавода - спадарыні Ірыны Казловіч - я зусім па-іншаму буду ставіцца да гэтага генія нашага народу!

Спадарыня Зінаіда Камароўская пасля заканчэння экскурсіі запрасіла нас да гасцёўні паэта. Сабралася шмат наведнікаў, сярод якіх маё вока заўважыла Навума Гальпяровіча, голас якога чую ў радыёперадачах з Беларусі для нас, замежнікаў... Пачалася ж творчая сустрэча са спявання неўміручага гімну “Мой родны кут...”, якую хораша выканалі выкладачкі Мінскага каледжа мастацтваў спадарыні Ірына Чубікава (спеў) і акампаніятар Наталля Міронава. Далей рэй сустрэчы вяла гаспадыня Дому Коласа спадарыня Зінаіда Камароўская, якая давала слова для выступаў вядомым паэтам, сябрам Саюзу пісьменнікаў Беларусі і нам, паэтам з-за межаў краіны. Асабіста я прачытаў  мікрабайку “Хай спявае!”, Станіслаў Валодзька прачытаў сваю лірыку, а Віталь Бартохаў паказаў сябе залі цудоўным чытальнікам прозы Якуба Коласа.

Не былі пасіўнымі ўдзельнікамі і Міра Лукша з Віктарам Стахвюком: своеасаблівая падляшская вымова па-беларуску ў іх адрозніваецца крыху ад літаратурнай нормы, але ж яны жывуць у польскамоўным асяроддзі, таму мы прыязна сустракалі іх выступы ў ролі чытальнікаў сваіх твораў...

З боку гаспадароў запомніліся выступы Міхася Пазнякова - старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюзу пісьменнікаў Беларусі, супрацоўніка радыё “Беларусь” Навума Гальпяровіча, паэткі-барда Ганны Чумаковай, паэтак Алёны Легастаевай, Іны Фраловай. Дарэчы, усім тром паэткам сяброўскія білеты СПБ уручалі якраз у гэтай гасцёўні Коласаўскага музея на традыцыйным сумесным праекце...

На памяць пра нашае наведванне Дому Коласа яго гаспадыня кожнаму з нас прэзентавала буклет “Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа” і зборнік вершаў “Песня натхнення”, укладальнікам якіх яна з’яўляецца. Я ўжо перачытаў усе вершы зборніка, дзякуючы якім занава адкрыў для сябе творчасць Коласа:

”Бывае музыка і ў стуку,

Хоць можа гэта і дзіўно, -

Благаслаўляю тую руку,

Што мне пастукала ў акно...”

А я цалую канкрэтную руку - руку спадарыні Зінаіды Мікалаеўны Камароўскай, якая апроч сваіх кніжак, падаравала нашаму гурту беларускай культуры ”Зорка Венера” кнігу серыі ”Жыццё знакамітых людзей Беларусі” - Якуб Колас. У думках, у сэрцах, у песнях”, укладальнікам якой з’яўляецца сын Паэта спадар Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч! Усе прывезеныя з Мінска кнігі занялі сваё годнае месца на выставе беларускай літаратуры і СМІ Беларусі “Год беларускай культуры ў Ізяславе”.

Пятрусь Капчык, кіраўнік гурта беларускай культуры “Зорка Венера”,

г. Ізяслаў,Украіна