Удзельнікі акцыі на Замкавай плошчы трымалі ў руках партрэты загінулых у нявысветленных акалічнасцях: Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранку і Змітра Завадскага, а таксама палітвязняў. Мінакам раздавалі ўлёткі.
- Гэтая акцыя прысвечана таму, каб паказаць праблему палітычных вязняў у Беларусі. Бо калі стаяць людзі і трымаюць здымкі зніклых, то гэта адпаведна ўспрымаецца.
Уладзімір Кобец, грамадзянская кампанія “Еўрапейская Беларусь”: Сёння споўнілася роўна 15 год са дня знікнення Ганчара і Красоўскага. Фармальна гэта з’яўляецца падставай для ўладаў закрыць гэтыя справы. І мы хочам прыцягнуць увагу да таго, што гэтага нельга рабіць, што злачынцы не пакараныя.
- Ішла з працы і пабачыла сапраўдны беларускі сцяг. Гэта мяне зацікавіла.
Зміцер Бандарэнка, былы палітвязень: Гэта ўспамін пра тых людзей, якія былі забітыя беларускімі ўладамі. Большасць з гэтых людзей мы ведалі асабіста. Жыццё гэтых людзей было аддадзена не дарэмна. Выклікала хвалю салідарнасці ў Беларусі. І стала пэўнай мяжой для дзеянняў улады.
Акцыя салідарнасці ў Варшаве праходзіла пад лозунгам “Прыцягнуць да адказнасці і пакараць забойцаў”.