Помнік народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну ўстановяць на яго радзіме ў Екацярынбургу 29 верасня. Аб гэтым 1 верасня ў час акцыі "Вянок пашаны", прысвечанай заснавальніку ансамбля "Песняры", заявіў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.
Манумент узвядуць па праекце беларускага скульптара, уладальніка залатога медаля Акадэміі мастацтваў СССР Сяргея Логвіна. Помнік установяць у цэнтры горада на алеі, якая вядзе да білетных кас кінаканцэртнага тэатра "Космас". У той жа дзень на радзіме Мулявіна пройдзе канцэрт Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры". 1 верасня спаўнілася 45 гадоў з дня стварэння легендарнага калектыву. З гэтай нагоды на Маскоўскіх могілках адбылася акцыя "Вянок пашаны", прысвечаная памяці заснавальніка ансамбля - Уладзіміра Мулявіна. Афіцыйнай датай стварэння калектыву лічыцца 1 верасня 1969 года, калі рашэннем мастацкага савета Беларускай філармоніі група "Лявоны" (першапачатковая назва калектыву) атрымала права называцца вакальна-інструментальным ансамблем. З назвай "Лявоны" група праіснавала каля года, да IV Міжнароднага конкурсу артыстаў эстрады, які праходзіў у кастрычніку 1970 года. "Песняры" доўгі час заставаліся адной з самых папулярных груп Савецкага Саюза. "Белавежская пушча", "Волагда", "За паўгадзіны да вясны", "Княжна" і многія іншыя песні, што гучалі ў выкананні легендарнага ансамбля "Песняры", даўно прызнаны лепшымі хітамі XX стагоддзя. Склад калектыву не раз змяняўся. Усяго ў ансамблі прапрацавала больш за 50 музыкантаў. Мастацкім кіраўніком ансамбля "Песняры" з моманту яго ўтварэння і да сваёй смерці ў 2003 годзе быў Уладзімір Мулявін.