Таварыства сяброў “Белавежы” наладзіла ў Белавежы, што на Падляшшы (Польшча), канцэрт у рамках праекта “Рознагалоссе” – цыкла музычных прэзентацый беларускай меншасці. “Хочам паказаць прысутнасць беларусаў ды беларускай культуры ў Белавежы ды яе наваколлі”, – тлумачыць Марэк Зубрыцкі з Таварыства сяброў “Белавежы”:
- Гэта такі праект, які папулярызуе нашу беларускую музычную сцэну. Мы хочам з’яднаць тут мясцовае насельніцтва, беларускую супольнасць. Цяпер рыхтуем праекты па правядзенні беларускіх мерапрыемстваў. І чарговая рэч – гэта адраджэнне беларускай мовы ў нашай школе.
У канцэрце бралі ўдзел танцавальна-вакальны калектыў з Пружанаў, эстрадны калектыў з Бельска Падляшскага “Астэрыя” ды салісткі з Гайнаўскага дома культуры ў Гайнаўцы. Гэта ўжо чарговае мерапрыемства, якое засяроджваецца на культурнай спадчыне беларускай меншасці ў Белавежы.