Міфы пра беларускасць і беларусаў абмяркоўвалі падчас фестывылю "Беларускі Трыялог" на Падляшшы

„Мы ведаем, што значыць быць беларусам, і разумеем, што такое беларускасць. Цяпер мы хочам, каб пра гэта дазналіся ў Польшчы“, – падводзіць вынікі Беларускіх Трыялогаў у Крынках (Польшча) прафесар Лявон Тарасэвіч. Паводле яго, важна, каб беларуская культура, літаратура, мастацтва і палітыка былі прадстаўлены на самым высокім узроўні:

- Мы хочам, каб асоба Сакрата Яновіча, асобы іншых людзей, адметных для нашай культуры, наша  гісторыя, культура былі адкрытымі, каб іх маглі пазнаць іншыя людзі на ўзроўні вышэйшай культуры. Стараемся першыя гады па смерці Сакрата, каб гэтая справа не спынілася, каб гэта было, жыло і давала плён.

„Беларускія Трыялогі“, якія спалучаюць людзей розных нацыянальнасцяў і розныя напрамкі культуры, літаратуры, гісторыі і мастацтва, запачаткаваў 15 гадоў таму беларускі пісьменнік і публіцыст Сакрат Яновіч, ураджэнец Крынак. Паводле традыцыі, вынікам Трыялогаў стане выданне чарговага нумару часопіса Annus Albaruthenicus.

* * *

Беларуская гісторыя – гэта гісторыя незвычайнага поспеху. Прафесар Алег Латышонак аспрэчвае міф пра тое, што ў беларусаў увесь час нешта не атрымліваецца, а незалежнасць ім практычна „звалілася ў рукі“. Паводле гісторыка, варта памятаць пра тое, што беларускі народ фактычна ўзнік у пачатку 20-га стагоддзя, а напрыканцы стагоддзя ён ужо меў уласную дзяржаву:

 - Трэба бачыць спецыфічныя беларускія праблемы. Безумоўна, гэты народ не такі, як  тыя народы, у атачэнні якіх ён жыве. Гэта таксама вынік працэсу, паскоранага праз знешнія чыннікі. Гэта паказалі і працэсы ва Украіне. Грамадскія структуры  не дзейнічаюць так, як мусяць дзейнічаць.

З такім меркаваннем катэгарычна не пагаджаецца польскі палітык, журналіст, дарадца прэзідэнта Камароўскага – Кшыштаф Круль:

-Беларускі народ у гэтай частцы Еўропы існуе значна даўжэй. Як бачым, часам у ангельскай літаратуры ўжываецца такі тэрмін як “літва”. Вялікае Княства Літоўскае – гэта і ёсць Беларусь.

Зыходзячы з гэтага ды іншых гістарычных фактаў, дадае Кшыштаф Круль, беларусы – гэта аніякія не малодшыя браты расейцаў, а хутчэй наадварот.

Дыскусія на тэму міфаў у беларускай палітыцы адбылася ў межах Беларускіх Трыялогаў у Крынках.

* * *

Як сёння ў свеце ўспрымаецца Беларусь? Чаму беларусы ведаюць пра палякаў шмат, а палякі пра беларусаў мала? На гэтыя ды іншыя пытанні спрабуюць адказаць удзельнікі дыскусій, якія праходзяць у межах Беларускіх Трыялогаў у мясцовасці Крынкі на Падляшшы.

На думку беларускага музыкі Лявона Вольскага, беларуская культура цяпер уведзеная ў рамкі “гета”, а культурніцкі беларускі міф – знішчаецца афіцыйнай уладай:

- Пры Савецкім Саюзе быў такі культурны міф, што існуюць людзі культуры, якія дасканала валодаюць беларускай мовай, нясуць гэтую Беларусь у сабе – гэта вельмі паважаныя пісьменнікі, мастакі. Вось гэта эліта была элітай, цяпер гэты міф зруйнаваны праз сур’ёзныя намаганні нашай так званай палітычнай эліты. Цяпер міф беларускай культуры практына не існуе ў шырокіх масах.

Дыскусіі ў Крынках праходзяць у трох частках, якія тычацца культуры, літаратуры і палітыкі. Гэта другія Беларускія Трыялогі, якія арганізуюцца пасля смерці іх заснавальніка, ураджэнца Крынак, Сакрата Яновіча. Тэмай сёлетніх Трыялогаў абраны “Беларускі міф”.

Алег Латышонак адзначае, што беларускія міфы існуюць розныя, і частка з іх паказвае Беларусь у не вельмі выгадным святле. Прафесар падкрэслівае, што Беларусь апошнім часам таксама сышла з першых старонак на фоне падзей ва Украіне:

- Вядома, што Беларусь і Украіна заўсёды былі звязаны лёсам. Так ці інакш для Беларусі таксама важна, што адбываецца – гэта жыццёвы інтарэс Беларусі, паколькі змаганне паміж Расеяй і Украінай, якое пачынае перарастаць у змаганне Усходу з Захадам, для Беларусі вельмі нявыгаднае. Беларусь мусіць зрабіць усё, каб скончылася гэта якім небудзь перамір’ем, бо ў іншым выпадку Беларусь таксама будзе ўцягнута ў гэты чорны вір.

Алег Латышонак прымае ўдзел у Беларускіх Трыялогах у межах дыскусій пра палітыку. Між іншым, удзельнікі абмяркуюць пытанні звязаныя з тым, як успрымаюць Беларусь і беларусаў у Еўропе і свеце, ды якія існуюць новыя магчымасці для пабудовы сучасных беларуска-польскіх дачыненняў.