Не дапусціць падзелу Беларусі ды стварыць сумесную федэрацыю з Польшчай, такі лозунг прагучаў 95 гадоў таму ў разгар савецка-польскай вайны (1919-1921). Каб ажыццявіць мэту, шэраг нацыянальна-дэмакратычных дзеячоў і ўрадоўцаў БНР стварылі ў Варшаве Польска-беларускае таварыства. Так пачынаўся новы этап барацьбы за Беларусь і развіццё беларускага руху ў Польшчы.
У склад кіраўніцтва таварыства ўвайшлі: былі прэм’ер БНР Раман Скірмунт, буйны дзеяч Беларусі Эдвард Вайніловіч, Павел Алексяюк ды Браніслаў Тарашкевіч. Пазней да дзейнасці далучыліся княгіня Магдалена Радзівіл і граф Ежы Чапскі. Дзеячы намагаліся прызнання іх палітычнага праекту ў Пілсудскага і кіраўнікоў Еўропы. З гэтай прычыны Раман Скірмунт зрабіў афіцыйны візіт у Нямеччыну, Францыю ды Швейцарыю.
Перамовы імгненных вынікаў не далі ды і Беларусь падзялілі згодна з Рыжскім мірам. Пасля гэтага Скірмунт вярнуўся ў роднае Парэчча, дзе заняўся развіццём гаспадаркі, кажа дырэктарка Парэчанскага музею Антаніна Сідарук:
- Стараўся, каб дзеці сялян былі адукаваныя. У Парэччы было 2 школы: у адной займаліся дзеці сялян, у другой рыхтавалі рабочых на суконную фабрыку. Улады сёння не ўмеюць нават захаваць тое, што было зроблена калісьці. Вінакурны завод раней працаваў. Усё гэта разрабавалі. Людзям зараз няма дзе працаваць. А на той час вёска была прамысловая.
Тым не менш дзейнасць Польска-беларускага таварыства данесла да палітычных колаў Еўропы жаданне беларусаў мець уласную дзяржаўнасць. Была падрыхтавана глеба для дзейнасці беларускіх арганізацый у выгнанні для барацьбы за вольную Беларусь.