Работы Пэна з віцебскай калекцыі ўпершыню экспануюцца ў літоўскім Зарасаі

Работы Юдаля Пэна з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея ўпершыню экспануюцца на радзіме мастака ў літоўскім горадзе Зарасай, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў віцебскім музеі.

Выстаўка "Ю.Пэн - 160. Вяртанне" адкрыла святкаванне Дня горада "Зарасаю - 508". У экспазіцыі прадстаўлена 27 жывапісных работ: пейзажы з краявідамі Зарасая і Віцебска, партрэты, жанравыя карціны. Выстаўка арганізавана ў рамках праекта "Дарога культуры яўрэяў (выяўленчае мастацтва): Ю.Пэн і яго вядомыя вучні", які аб'ядноўвае Літву, Латвію і Беларусь. Юбілею Юдаля Пэна быў прысвечаны і пяты пленэр "Зарасай - край азёр 2014", на падагульняючай выстаўцы якога экспанаваліся работы літоўскіх, латвійскіх і беларускіх мастакоў. Віцебск прадстаўлялі Андрэй Духоўнікаў і Дзмітрый Гаралевіч. Юдаль Пэн (1854-1937) быў настаўнікам Марка Шагала, Восіпа Цадкіна, Лазара Лісіцкага і шэрага іншых вядомых майстроў. Нарадзіўся Пэн у беднай шматдзетнай сям'і ў горадзе Новааляксандраўск Ковенскай губерні (цяпер горад Зарасай, Літва). З 1891 года мастак жыў у Віцебску, дзе ў 1897 годзе стварыў школу-студыю для таленавітых правінцыяльных мастакоў, якія з-за беднасці і адсутнасці належнай падрыхтоўкі не мелі магчымасці атрымаць вышэйшую адукацыю.