У слаўным горадзе на балцка-славянскім памежжы праз усю гісторыю разгортвалася няпростая барацьба культурных уплываў. Да сярэдзіны XVI ст. маркерамі беларускасці Вільні былі праваслаўе і старабеларуская мова. Аднак паланізацыя, засяленне горада габрэямі і расійцамі, літоўская пасіянарнасць да пачатку ХХ ст. амаль выкаранілі беларускае з Вільні. Тым не менш менавіта ў колішняй сталіцы ВКЛ прабіліся парасткі нацыянальнай ідэі, і сёння знайсці нашае ў Вільні значна прасцей, чым у якім іншым замежным горадзе! Спынімся на асноўных з іх.
Царква Святога Духа
Першая царква на гэтым месцы была пабудаваная напрыканцы XVІ стагоддзя, крыху пазней вакол храма з’явіліся і манастырскія будынкі. Тут доўгі час знаходзіўся адзіны праваслаўны асяродак Вільні: астатнія цэрквы і манастыры былі перададзеныя ўніятам.
У царкве знаходзяцца мошчы Віленскіх пакутнікаў. Закатаваныя і забітыя ў сярэдзіне XIV ст. за веру Круглец, Кумец і Няжыла дагэтуль шануюцца не толькі на беларускай Віленшчыне, але і ва ўсім праваслаўным свеце. У сучаснасці іх ведаюць як Антонія, Іаана і Яўстафія, аднак менавіта першасныя імёны не пакідаюць сумненняў пра іх этнічнае паходжанне.
Друкарня Францішка Скарыны
У гэтым будынку (Didzioji, 19), колішнім доме бурмістра Якуба Бабіча, знаходзілася першая друкарня ва Усходняй Еўропе. Заснаваў яе па вяртанні на Радзіму з Прагі Францыск Скарына.
Менавіта адсюль выйшлі ў свет падрыхтаваныя Францішкам Скарынам выданні на царкоўнаславянскай мове: “Малая падарожная кніжка” (1522) і “Апостал” (1525). Аднак выдавецкая справа Скарыны ў Вільні не заладзілася, і пазней ён робіцца сакратаром віленскага біскупа Яна з князёў літоўскіх, займаецца медыцынскай дзейнасцю.
На будынку ў гонар выдаўца ўсталяваная мемарыяльная дошка на беларускай і літоўскай мовах.
Месца пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага
Апошнія паўгода жыцця Кастусь Каліноўскі правёў у Вільні, спрабаваў надаць паўстанню “другое дыханне”, але не склалася… У канцы студзеня 1864 г. паўстанца арыштавалі, аднак падчас следства ён трымаўся мужна, не выдаў паплечнікаў і планаў паўстання.
22 сакавіка 1864 г. героя паўстання павесілі на гандлёвай плошчы Лукішкі. На месцы пакарання, пад сценамі касцёла Святых Якуба і Філіпа, знаходзіцца драўляны крыж і мемарыяльная пліта ў гонар Кастуся Каліноўскага і яго паплечніка Зыгмунда Серакоўскага.
Рэдакцыя “Нашай Нівы”
У будынку на рагу Завальнай і Троцкай вуліц (Pylimo, 26/Traku, 1) працяглы час (1907—1911) знаходзілася рэдакцыя “першай беларускай газеты з рысункамі”.
Будынак гэты зусім не выпадковы ў беларускай гісторыі: у свой час тут збіраліся паўстанцы-каліноўцы, захоўваў частку сваёй археалагічнай калекцыі заснавальнік Віленскага музея старажытнасцяў Яўстафій Тышкевіч, працаваў у акруговым судзе Францішак Багушэвіч.
Друкарня Марціна Кухты
У гэтым месцы (Totorių g. 20) друкарня, апетая Максімам Багдановічам, працавала ад 1911 г. Тут з’явіўся на свет Багдановічаў “Вянок” і дзясяткі іншых беларускіх выданняў: кнігі Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Цёткі, Канстанцыі Буйло. Тут пабачыла свет у 1918 г. “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча.
Менавіта ў Марціна Кухты пастаянна выдавалася газета “Наша Ніва”.
Мемарыяльная дошка Янку Купалу
У гэтым будынку (Vilniaus, 14) знаходзілася рэдакцыя “Нашай Нівы” часоў кіравання газетай Янкам Купалам у 1914—1915 гг. Гэта быў няпросты час існавання выдання: ва ўмовах вайны газета часта выходзіла з белымі плямамі, канфіскоўвалася, існавала забарона на яе падпіску.
Рэдактар выдання жыў у гэтым жа будынку, пра што сведчыць мемарыяльная дошка беларускаму песняру.
Віленская беларуская гімназія
Адну з першых сярэдніх навучальных установаў (Aušros Vartu, 7а) у Заходняй Беларусі арганізаваў Іван Луцкевіч у 1919 г., і дзейнічала яна амаль да канца Другой сусветнай. У першы год у гімназіі вучылася 340 вучняў, працавала 18 настаўнікаў. Пры гімназіі існаваў прытулак для дзяцей-сірот, дзейнічалі гурткі самадзейнасці, духавы аркестр, хор.
Сярод знаных выкладчыкаў гімназіі былі Антон і Іван Луцкевічы, Максім Гарэцкі, Барыс Кіт, Рыгор Шырма, Язэп Драздовіч.
На ўваходзе ў будынак былой гімназіі ўсталяваныя мемарыяльныя шыльды выкладчыку літаратуры Максіму Гарэцкаму і вучаніцы, беларускай паэтцы Наталлі Арсенневай.
Віленскі беларускі музей
Музей (Aušros Vartu, 7а) быў адкрыты ў 1921 годзе на першым паверсе паўднёвага крыла былога кляштара базыльянаў. Аснову яго пачатковага фонду склала багатая калекцыя беларускага грамадскага дзеяча Івана Луцкевіча. Тут захоўваліся сярэднявечныя пячаткі, манеты, слуцкія паясы, прадметы этнаграфіі, галаснікі гродзенскай Каложскай царквы, рукапісныя кнігі і старадрукі (выданні Скарыны, татарскі Аль-Кітаб, Статут ВКЛ 1588 г).
У 1941 г. музей зберагаў 13 450 адзінак, архіў музея — больш за 9000, бібліятэка — больш за 14 000 тамоў.
Пасля вайны музей быў ліквідаваны, а экспанаты падзеленыя паміж музеямі, архівамі і бібліятэкамі Літвы і Беларусі.
Кватэра Браніслава Тарашкевіча
У кватэры №7 на Vilniaus, 37 з 1923 па 1926 гг. жыў лідар нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі, аўтар правапісу беларускай мовы Браніслаў Тарашкевіч. У памяць пра гэта на фасадзе будынка прымацаваная мемарыяльная дошка з барэльефам грамадскага дзеяча.
У левым крыле будынка ў свой час месціліся рэдакцыі радыкальных часопісаў, бюро Таварыства беларускай школы, Школьнай рады, Беларускі студэнцкі саюз. У некалькіх пакойчыках тут жылі дзеячы беларускага адраджэння: кампазітар Антон Грыневіч і мастак Язэп Драздовіч.
Могілкі Роса
Заснаваныя ў пачатку ХІХ ст. могілкі далі апошні прытулак шмат каму са знаных беларусаў. Тут пахаваныя Уладзіслаў Сыракомля, Яўстафій Тышкевіч, Казімір Сваяк, Альбін Стаповіч, Ядвігін Ш. і іншых.
У 1991 г. на Росах быў перапахаваны прывезены з польскага Закапанэ прах Івана Луцкевіча. Побач з ім знаходзіцца сімвалічная магіла яго брата Антона, памерлага ў вязніцы НКВД.
Помнік Францішку Аляхновічу на могілках таксама мае сімвалічны сэнс — драматург быў пахаваны на Кальвінскіх могілках Вільні, але за савецкім часам яны былі знесеныя.