У Любліне прайшоў Ягелонскі кірмаш, імпрэза, мэта якой — прэзентацыя традыцыйнай культуры Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Гэта адна з найбольш вядомых за межамі краіны падзей у польскім культурным жыцці.
Традыцыя правядзення Ягелонскага кірмашу ў Любліне цягнецца з канца XV стагоддзя. Сёлета на кірмашы можна было пабачыць і набыць вырабы рамеснікаў з усёй Польшчы, а таксама з Беларусі, Літвы, Славакіі і Украіны. Разам з аўтэнтычнымі формамі сустракаліся рэчы, выкананыя з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, але натхнёныя фальклорам. Падчас кірмашу праходзілі шматлікія выставы, майстар-класы, экскурсіі, канцэрты, паказы фільмаў і спектакляў.
Супрацоўніцтва з усходнімі краінамі-суседзямі Польшчы — адзін з прыярытэтаў Ягелонскага кірмашу. Сёлета прыехала больш за паўсотні майстроў з Украіны і больш за 40 — з Беларусі.
На кірмашы можна было пабачыць беларускую вышыўку, тканыя вырабы, драўляную скульптуру, саломку, абярэгі з сена, упрыгожанні з бісеру, выцінанку, кераміку і яшчэ шмат чаго цікавага. Наведнікаў была процьма, таму распрадаваліся вырабы добра. На другі дзень кірмашу, праўда, часамі ішоў дождж, таму частка рамеснікаў і наведнікаў схавалася. Атмасферу свята дождж не сапсаваў: праходзілі майстар-класы, канцэрты і выставы, усё па раскладзе, ніякіх зменаў у праграме.
Галіна і Яніна Рудніцкія з Мінска, маці і дачка, прывезлі вышываныя вырабы. На фоне інтэрнэт-дыскусій аб беларускай вышыванцы іх прадукцыя глядзіцца вельмі надзённа, аказваецца запатрабаванай і палякамі. Тую самую вышыванку, у дадзеным выпадку жаночую, можна было набыць за 500 злотых (крыху больш за паўтара мільёна рублёў).
Унікальнымі падаліся вырабы Таццяны Сцяпуркі (Салігорск) з сена. Глядзяцца вельмі густоўна, адсылаюць да экадызайну, і, галоўнае, на ўсім кірмашы ім не было адпаведнікаў!
Майстры са Старадарожскага раёна прыехалі з тэкстыльнымі вырабамі. Па словах Галіны Бураўцовай, хацелі ў першую чаргу паказаць выставу, прэзентаваць на кірмашы традыцыйную культуру Старадарожчыны. А гандаль — ужо справа дзясятая.
Марына і Валер Марчукі з Брэста займаюцца выцінанкай і керамікай. Па іх словах, большую частку прывезеных вырабаў яны распрадалі яшчэ ў першы дзень. Потым ужо проста гулялі, спадарыня Марына здзіўляла люблінцаў якасна рэканструяваным беларускім строем.
Бярозаўскі раённы дом рамёстваў паказваў на кірмашы тканы і вышываны тэкстыль, а таксама птушак з дранкі. Наталля Кавалевіч, апранутая ў аўтэнтычны строй сваёй мясцовасці, што застаўся ёй ад бабулі, захапляльна расказала пра драўляных птушак. Іх вешалі над дзіцячай калыскай, і слугавалі яны не толькі цацкай, але і абярэгам.
Майстры з Маларыцкага раёна разгарнулі выставу тэкстылю, на фоне якой прала на калаўроце Сцепаніда Сцепанюк, бабуля з вёскі Дарапеевічы. Сцепаніда Аляксееўна наведвае Ягелонскі кірмаш ужо не ўпершыню, люблінцы цэняць яе як носьбіта традыцый. Улады горада выдалі некалькі буклетаў для турыстаў, дзе знайшлося месца для фотаздымкаў са спадарыняй Сцепанідай. У адным буклеце яна выступае як твар Ягелонскага кірмашу.
Іван Супрунчык з вёскі Цярэблічы Столінскага раёна — вядомы майстар драўлянай скульптуры. На Ягелонскі кірмаш ён прывёз фігуркі, зробленыя па каталіцкіх і міфалагічных матывах. Хрыстосы і анёлкі прыйшліся да душы палякам. Поўныя дахрысціянскай філасофіі міфалагічныя выявы разыходзіліся трохі горш, але таксама знайшлі свайго пакупніка.
Упрыгожванні з бісеру Веры Зянкевіч (Мінск) на першы погляд могуць падацца чужымі беларускай традыцыі. Аднак, калі разабрацца, бісерныя прыкрасы насілі на Гомельшчыне. “Кружок” ці “пляцёнка” на шыю быў часткай Брагінскага строю і зафіксаваны ў альбоме М. Ф. Раманюка “Беларускае народнае адзенне”.
Пра кожнага беларускага ўдзельніка Ягелонскага кірмашу расказаць асобна немагчыма. Спынімся на тым, што беларускія майстры годна прэзентавалі краіну на міжнароднай імпрэзе, а іх рамесныя вырабы выклікалі вялікі інтарэс, добра распрадаліся. Гэта дае падставу падкрэсліць разам з духоўным эканамічны патэнцыял беларускай традыцыйнай культуры.