Сваякі і сябры 15 жніўня праводзілі ў апошні шлях сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, вядомага дзеяча беларускай дыяспары сп. Юрку Станкевіча. У пражскім касцёле U Salvátora адбылася жалобная імша, прагучалі развітальныя прамовы блізкіх.
Сяргей Навумчык, намеснік старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, падчас прамовы выказаў спачуванні родным сп.Юркі і ад імя самой спн. Івонкі. У ягонай прамове прагучалі цудоўныя словы: "Аптымізм Юркі ўражваў і натхняў. І гэта спалучэнне аптымізму, веры ў сапраўдную незалежнасць Беларусі, якую ён ніколі на працягу свайго жыцця не губляў, і зайздроснай энергіі паслужыць добрым прыкладам для ўсіх тых, каму надалей давядзецца несці святы бел-чырвона-белы сцяг".
Сяргей Навумчык
Сп. Вячка Станкевіч, брат Юркі Станкевіча, сябра Рады БНР, старшыня Галоўнай управы Беларуска-амерыканскага задзіночання
Пасля імшы сябры і блізкія сп. Юркі мелі магчымасць пазнаёміцца і паразмаўляць, узгадаць сп.Юрку ў размовах, разглядзець фотаздымкі з ягонага насычанага падзеямі жыцця. Некаторыя фотаздымкі былі раздрукаваныя і раскладзеныя ўздоўж сцяны, у асобным пакоі фотаздымкі паказываліся праз праектар, і кожны фотаздымак каментаваў сп. Вячка альбо спн. Яна Браніса, дачка сп. Юркі. Для гасцей быў арганізаваны і пачастунак.
Увечары, а шостай гадзіне пачаўся абрад пахавання на могілках у Кладна, дзе была пахаваная жонка сп. Юркі, спн. Гана Марыя Браніса-Станкевіч.
Яна Браніса падзякавала ўсім гасцям, якія сабраліся разам, каб развітацца і аддаць дадіну павагі яе бацьку. Яна была вельмі рада пабачыць усю сваю сям'ю разам.
Па старажытнай беларускай традыцыі Віталь Цімошчанка заіграў на дудзе развітальную мелодыю. Пасля гэтага прысутныя ўскладалі кветкі і вянкі на магілу, у апошні раз казалі сп. Юрку развітальныя словы.
Светлая памяць дзядзькі Юркі яшчэ доўга будзе жыць у сэрцах тых, хто меў шчасце ведаць гэтага вялікага чалавека.
Фота Святланы Вранавай і Ксеніі Бязрукай