Беларускія ліцэісты пагасцявалі ў першай ледзі Польшчы

Навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, якія праводзяць летнюю сесію ў Варшаве, былі за прошаныя ў палац Бэльвэдэр да першай ледзі польскай дзяржавы Ганны Камароўскай — жонкі прэзідэнта Браніслава Камароўскага.

Як падае інтэрнэт-старонка пані Камароўскай, сустрэча ў летняй рэзідэнцыі прэзідэнта Польшчы прайшла ў нефармальнай абстаноўцы, гаспадыні была расказаная гісторыя ўзнікнення коласаўскага ліцэю і яго расфармавання на загад Міністэрства адукацыі Беларусі.

Пасля сустрэчы з першай ледзі дзеці і выкладчыкі пазнаёміліся з выставай, прысвечанай выбітнаму польскаму палітыку і грамадскаму дзеячу Тадэвушу Мазавецкаму.

Як пададзена на сайце прэзідэнта Польшчы, Беларускі гуманітарны ліцэй быў створаны зь ініцыятывы навуковай і творчай інтэлігенцыі Беларусі ў верасні 1990 года ў якасці адзінай школы, дзе ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Выкладчыкамі былі аўтары інавацыйных праектаў рэформы адукацыі і працавалі ў шчыльным кантакце з замежнымі краінамі. У 2003 годзе ліцэй быў забаронены ўладамі па палітычных матывах. Студэнты страцілі будынак, бібліятэку, магчымасць навучацца ў прымальных умовах. Але школа працягвае функцыянаваць, штогод навучаючы больш за паўсотні старшакласнікаў ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў. Першапачаткова ўрокі ладзіліся ў раскіданых па ўсім Мінску здымных памяшканнях, а цяпер заняткі адбываюцца ў арандаваным загарадным доме. Традыцыйна дырэкцыя ліцэю арганізуе летнюю школу адукацыйных сесій за мяжой, падчас чаго студэнты маюць магчымасць сумяшчаць навуковую праграму і камунікацыю з аднагодкамі. Цягам апошніх гадоў улетку на запрашэнне ўладаў Гданьску і варшаўскага Клубу каталіцкай інтэлігенцыі навучэнцы выяжджалі ў гэтыя гарады, але цяпер іх прымае толькі Варшава.