Юрыю Ляшчынскаму адмовілі ў беларускай візе

Другі раз на працягу менш чым аднаго года праграмнаму дырэктару Беларускага Радыё Рацыя адмоўлена ва ўязной візе ў Беларусь. Сядзіба радыё месціцца ў цэнтры Беластоку. Юры Ляшчынскі складаў дакументы на атрыманне аднаразовай візы ў прыватных мэтах, між іншым, ён планаваў наведаць сяброў і знаёмых у Гародні і Мінску:

- Я на мінулым тыдні склаў заяву на прыватную турыстычную візу – хацеў наведаць сяброў у Гародні і ў Мінску. У той самы дзень пазванілі мне, паведамілі, што адказ не будзе ў сераду, а будзе ў чацвер. Адразу падумаў, што можа быць нешта не так. Сёння ў чацвер, 14 жніўня, пайшоў, як было дамоўлена, у 15 гадзін па візу. Адмоўлена. Спытаў: чаму? Не, мы не тлумачым, консульства не мае такога абавязку, каб тлумачыць, чаму адмоўлена.

Адзначым, што старшыня Управы Радыё Рацыя Яўген Вапа ўжо тры гады не можа атрымаць беларускую візу. Між іншым, у 2013 годзе, як старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы ён не змог наведаць З’езд беларусаў свету, які праходзіў у Мінску.