Леанід Лыч: без сваёй мовы народ не стварае нічога арыгінальнага

Моўная палітыка ў Беларусі, роля беларускай мовы ў грамадстве і статус рускай мовы як дзяржаўнай у Беларусі дагэтуль выклікаюць шматлікія дыскусіі. Сваімі думкамі на гэты конт з чытачамі BelarusianReview дзеліцца доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч, аўтар шматлікіх манаграфіяў пра гісторыю беларускай культуры, моўную палітыку і міжнацыянальныя адносіны ў Беларусі.

Belarusian ReviewПачынаючы з 1995 г. ў Беларусі на дзяржаўным узроўні замацаванае двухмоўе. Як Вы ацэньваеце гэтае рашэнне?

Леанід Лыч: Афіцыйнае двухмоўе, якое замацавалася ў Беларусі з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, не адпавядае сусветнай практыцы. Ёсць краіны двухмоўныя, трохмоўныя і г.д. Аднак, гэтыя краіны ёсць поліэтнічнымі, бо на іх тэрыторыі спрадвеку жывуць прадстаўнікі розных этнасаў. Беларусь – гэта монаэтнічная краіна з адным карэнным народам – беларусамі. Рускія, украінцы і іншыя народы, якія жывуць у Беларусі, ёсць тут этнічнымі супольнасцямі, мовам якіх ніводная краіна не дае статусу дзяржаўнай. Таму наданне рускай мове статусу другой дзяржаўнай ў Беларусі было зроблена насуперак міжнароднай практыцы рэгулявання моўнымі працэсамі.

Сусветная навука мела вельмі грунтоўныя манаграфічныя даследаванні ў пытанні двухмоўя, калі тая ці іншая краіна спрабавала ўводзіць двухмоўе. Прыкладам могуць быць даследаванні Карла Каўцкага. Згодна з ім, афіцыйнае двухмоўе – гэта часовая з’ява. Паміж мовамі вядзецца бязлітасная барацьба на выцісканне. Як правіла, з цягам часу перамагае адна мова, незалежна ад таго, ці ёсць яна роднай для большасці насельніцтва. Усё залежыць таго, як улады глядзяць на моўную палітыку. Таму пры адпаведнай палітыцы ўладаў нават мова карэннага насельніцтва можа страціць пазіцыі на сваёй гістарычнай тэрыторыі.

BRЯк ажыццяўленне моўнай палітыкі дзяржавай пасля 1995 г. паўплывала на беларускае грамадства?

ЛЛ: На першы погляд ў гэтым ёсць быццам бы штосьці прагрэсіўнае, бо ніхто моваў не забараняе. Але хто павядзе дзіця ў беларускамоўны садок ці школу, калі мае на прыкмеце далейшае навучанне ва ўніверсітэце і прафесійную кар’еру? А там усюды толькі руская мова. Таму нават самыя вялікія патрыёты стрымліваюць свае памкненні. Па-другое, якое гэта калецтва для развіцця і псіхікі дзіцяці. Выйсцем з гэтай сітуацыі я бачу тое, каб дзяржава афіцыйна выступіла і прызнала сваю памылку і заявіла, што, напрыклад, з новага году мы пачынаем вяртацца да сваіх нацыянальных каранёў, у першую чаргу – да мовы. Людзей трэба рыхтаваць.

У нашых людзей у глыбінных пластах душы нацыянальнае захоўваецца. Прыгадайце, як абудзілася грамадства, калі напрыканцы 1980-х адчулася, што нешта можна рабіць на нацыянальнай хвалі. Хаця ужо тады інтэлігенцыя ў другім, а то і ў трэцім пакаленні была зрусіфікаваная. Беларуская вёска была таксама не тая. Нашу вёску русіфікавалі радыё, тэлебачанне і кіно. Акрамя таго, з 1962 г. “Сельскую газету” перавялі на рускую мову. Нельга таксама забывацца пра вельмі вялікую разбуральную ролю ў гэтым кірунку з боку вясковай інтэлігенцыі, адукаванай на рускай мове. Існавала шмат фактараў, якія адвучалі нас ад беларускай мовы, каб мы жылі не сваім жыццём. Аднак, я веру, што нават сёння варта толькі дзьмухануць у гэтыя нашыя нацыянальныя вуголлі, і адразу разгарыцца вогнішча. Але ж хто дзьмухане?..

BR: Якія захады мусяць рабіцца для шырэйшага вяртання беларускай мовы ў штодзённае жыццё?

ЛЛ: Сённяшні стан мовы і нацыянальна-адраджэнскага працэсу паказвае, што саматужніцтвам, ініцыятыўным шляхам прыхільнікаў роднага слова яны не могуць вярнуцца да жыцця. Настолькі нацыянальная інтэлігенцыя страціла сваю актыўнасць, што ў яе няма патэнцыялу на гэта. Лёс беларускай мовы сёння цалкам залежыць ад дзяржавы, бо менавіта ў руках дзяржавы знаходзіцца сфера адукацыі. Дзяржава можа падняць мову любой ступені захворвання. Цудоўным прыкладам тут можа быць дзейнасць Дзяржавы Ізраіль у адраджэнні іўрыту.

Я прыгадваю наша адражэнне пачатку 1990-х гадоў. Вяртанне беларускай мовы ў публічнае жыццё пайшло так спраўна, што калі б гэты працэс не быў перарваны ў 1995 г. і працягнуўся яшчэ два-тры гады, то руская мова не мела б шанцаў, каб у выніку рэферэндуму стаць другой дзяржаўнай. Наагул, калі 26 студзеня 1990 г. быў прыняты Закон “Аб мовах”, ніхто так актыўна не вывучаў беларускай мовы, як гэта рабіла чынавенства. Таму, калі б Лукашэнка пачаў размаўляць па-беларуску, усе б стараліся ўторыць яму. Як ні дзіўна, але лёс мовы залежыць не ад навукоўцаў, а ад палітыкаў. Насельніцтва размаўляе на той мове, на якой абслугоўваецца палітычнае жыццё ў краіне.

BR: Ці магчыма існаванне Беларусі і беларусаў як нацыі без беларускай мовы?

ЛЛ: Я лічу, што народ па-за сваёй роднай мовай не з’яўляецца паўнавартасным народам, гэты народ этнічна хворы. Без сваёй мовы такі народ не стварае нічога арыгінальнага, бо паўтарае, прычым у горшым варыянце, тое, на чыю мову і культуру ён перайшоў. Таму як нейкі соцыюм такі народ будзе існаваць, але ён не будзе ўяўляць нечага самабытнага, якое ў стане ўзбагачаць культурную разнастайнасць цывілізаванага свету.

размаўляла Ганна Васілевіч

Даведка рэдакцыіЛеанід Лыч – доктар гістарычных навук, прафесар. Аўтар манаграфіяў пра гісторыю беларускай культуры, моўную палітыку і міжнацыянальныя адносіны ў Беларусі ў ХХ ст. Старшыня Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1992 – 1996).

Гэты артыкул з'явіўся па-ангельску ў Belarusian Review, Vol. 26, No. 3. © 2014 The_Point Journal/Belarusian Review