Дзень салідарнасці з Беларуссю адзначылі ў Пецярбургу

Каля 20 чалавек узялі ўдзел у Дні салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, які адбыўся 4 жніўня ў Санкт-Пецярбургу. Сярод удзельнікаў былі грамадзяне Расіі і Беларусі, праваабаронцы і студэнты. Арганізатарам мерапрыемства выступілі актывісты Міжнароднага Моладзевага праваабарончага руху.

Вядучы імпрэзы Раман Баяркоў, дацэнт кафедры прыкладной паліталогіі НДУ "Вышэйшаяшкола эканомікі", удзельнік Міжнароднага Моладзевага праваабарончага руху, распавёў пра гісторыю Дня салідарнасці. Ён нагадаў, што ў гэты дзень, 4 жніўня 2011 г., быў кінуты за краты кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі. Нягледзячы на тое, што нядаўна праваабаронца быў выпушчаны на свабоду, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца даволі крытычнай.

Беларуская праваабаронца Валерыя Саўчанкава падрабязна распавяла аб сітуацыі з правамі чалавека ў сябе на радзіме. Паводле яе слоў, у краіне парушаюць асноўныя правы чалавека - на жыццё, мітынгі і сходы, свабоду аб'яднанняў, атрыманне і распаўсюд інфармацыі і многія іншыя. Няўрадавыя арганізацыі пазбаўленыя магчымасці легальнай працы. Да сённяшняга дня за кратамі знаходзіцца 7 палітвязняў, да ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцый ужываюцца катаванні. Арганізатары прадэманстравалі зварот Алеся Бяляцкага, а таксама некалькі ролікаў аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, прымеркаваных да травеньскага Чэмпіянату свету па хакеі.

Аналізуючы становішча грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, шмат хто з удзельнікаў сустрэчы ўбачылі паралелі з сітуацыяй у Расіі. Тут таксама ідзе імклівы наступ на правы чалавека: забароненыя мітынгі і сходы, незалежныя СМІ і няўрадавыя арганізацыі стала зазнаюць жорсткі прыгнёт, зноў пачаліся напады на праваабаронцаў. Тут, як і ў Беларусі, з'явіліся палітвязні. «Расія на мяжы поўнамаштабнай вайны, а падчас вайны ўсе, хто патрабуе выканання сваіх правоў і тыя, хто іх абараняе, могуць быць прыроўненыя да здраднікаў народа і краіны. Цяперашняя палітыка кіраўніцтва Расіі - выразнае таму сведчанне. Невыпадкова Пуцін сярод крыніц пагроз для Расіі назваў «інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі», а таксама некамерцыйныя арганізацыі (НКА)», - гаворыць супрацоўнік адной з праваабарончых арганізацый Пецярбурга Ігар Станкевіч.

«Калі я слухала аповеды аб становішчы ў Беларусі, я думала, што нас гэта не закране. Але калі ў мінулым годзе нашая арганізацыя паводле пастановы суда была закрытая на месяц за адмову выканаць незаконнае патрабаванне пракуратуры - даць усю дакументацыю аб дзейнасці арганізацыі, я зразумела - Беларусь прыйшла і ў Расію. Сітуацыя пагаршаецца з кожным днём. Цяпер я больш уважліва стаўлюся да беларускага досведу. Я разумею, тое, што было ў Беларусі некалькі гадоў таму - гэта нашае заўтра, а, можа быць, ужо сёння», - дзеліцца сваімі ўражаннямі Рыма Шарыфуліна, прэзідэнтка адной з вядомых праваабарончых арганізацый у горадзе «Пецярбургская Эгіда».

Інфармацыя аб сітуацыі ў Беларусі для шматлікіх удзельнікаў была шакуючай. Усе казалі пра тое, што праваабаронцы дзвюх краін павінны часцей абменьвацца досведам, каб больш эфектыўна абараняць правы грамадзян.

Закончылася сустрэча калектыўнай фатаграфіяй на фоне лагатыпа Дня салідарнасці.