Народны беларускі фэст “І там жывуць людзі” вандруе па Падляшшы

Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы (Польшча) наведаў чарговую вёску Падляшша са сваім народным беларускім фэстам “І там жывуць людзі”. Гэтым разам фэст прайшоў у Шчытах-Дзенцялове ў Арлянскай гміне.

“Наведваем самыя малалюдныя вёсачкі, і гэта мае вялікі сэнс,” – кажа Тамаш Ціханюк, дырэктар Беларускага музея ў Гайнаўцы:

-  Мы як маладое пакаленне беларусаў Падляшша хочам паказаць, што помнім пра беларусаў, пра гэтыя вёскі, дзе, на жаль, штораз менш народу. Вядома, людзі выязджаюць у большыя гарады, аднак тут таксама ёсць людзі.

Фэст прайшоў на пляцоўцы Цэнтра адукацыі і прамоцыі беларускай культуры “Шчыты”. Чарговае мерапрыемства ў рамках “І там жывуць людзі” адбудзецца 9-га жніўня ў Семяноўцы.