Kаманда сайта adukacyja.info 1-3 жніўня зладзіла ў вёсцы Візна пад Беластокам фестываль беларускіх выпускнікоў ADUfest 2.0. майстар-класы.
Фестываль сабраў паспяховых беларускіх выпускнікоў, якія адвучыліся ў Польшчы, Чэхіі, Нямеччыне, Францыі, Швейцарыі, Англіі, ЗША, Тайвані, В’етнаме, Расіі, Румыніі і, вядома ж, у Беларусі.
Кожны з удзельнікаў падрыхтаваў інтэрактыўны аўтарскі майстар-клас на тэму сваёй спецыяльнасці альбо зацікаўленасцяў.
Удзельнікі прадставілі шырокі спектр тэм па тых спецыяльнасцях, па якіх навучаліся, адзначае выпускніца праграмы імя Кастуся Каліноўскага Людміла Асіпенка:
- Быў удзельнік, які расказваў пра свой праект “Беларускі Беласток”. Ён зрабіў мапу беларускіх мясцін у Беластоку. Пасля гэтага ўсе захацелі наведаць гэты горад. Нават не ведалі, што ёсць такія цікавыя, адметныя месцы ў Беластоку – горадзе пры мяжы, які больш вядомы нашым жыхарам пакупкамі і шопінгам. Таму ўсе захацелі паехаць туды і натхніцца вось гэтай атмасферай беларускасці.
„Хтосьці пасля навучання вярнуўся на радзіму, а хтосьці застаўся працаваць за мяжой. Хоць усе выпускнікі і навучаліся ў розных краінах, але ўсіх нас аб’ядноўвае Беларусь”, – адзначыла Людміла Асіпенка.
Мэтай фестывалю з’яўляецца абмен досведам маладых спецыялістаў і развіццё кантактаў сярод актыўных беларусаў. Арганізатары не прапаноўваюць удзельнікам гатовых планаў і праграм, а даюць ім магчымасць праявіць свае таленты і падзяліцца ведамі, развіць здольнасці і абмеркаваць актуальныя тэмы разам са сваімі аднагодкамі і калегамі. Па абвестцы было даслана больш за 60 заявак, на фестываль змаглі запрасіць 30 кандыдатаў.
Адукацыя.Інфо – гэта навіновы рэсурс пра адукацыйныя магчымасці для беларускай моладзі за мяжой і ў Беларусі. Адначасова сайт з’яўляецца інтэрактыўнай платформай для бясплатнага кансультавання стыпендыятамі ўсіх жадаючых. Кантэнт сайта ствараецца валанцёрамі і выпускнікамі праграм. Адукацыя.інфо – самая вялікая сетка паспяховых беларускіх стыпендыятаў за мяжой.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Аляксея Трубкіна