Украінскі мастак Юрый Нікіцін стварае батальнае палатно «Перамога Князя Астрожскага ў бітве пад Оршай».
Пра гэта 31 ліпеня паведаміў сайт Ровенскай аблдзяржадміністрацыі (АДА).
Мастак абяцае напісаць палатно за два тыдні. Творчы працэсс адбываецца на вачах гледачоў у Ровенскай галерэі еўрапейскага жывапісу «Еўра-Арт».
Назіраць за творчым працэсам можна ў галерэі, або анлайн на сайце orshafest.org.ua, жывыя ўключэнні на сайце адбываюцца штодзень а 16-й ды а 17:30.
500 гадоў таму, нагадвае Ровенскі афіцыйны сайт, «30-тысячнае войска Вялікага княства Літоўскага пад камандаваннем валынскага князя Канстанціна Астрожскага прымусіла адступіць 80-тысячнае маскоўскае войска. Літоўская армія складалася з уласна літоўскіх, беларускіх, украінскіх, сербскіх, татарскіх, польскіх, венгерскіх і нямецкіх атрадаў».
Як распавёў кіраўнік брацтва імя князёў Астрожскіх Мікола Бэндзюг, ідэя ўвекавечыць гэтую перамогу на палатне належыць Усходне-Еўрапейскім форуму «Слава князёў Астрожскіх: 500-годдзе перамогі пад Оршай».
«Важна, каб украінцы часцей ўзгадвалі свае перамогі і папулярызавалі іх усімі магчымымі спосабамі», — адзначыў на адкрыцці мастацкага мерапрыемства старшыня Ровенскай АДА Сяргей Рыбачок.
Мастак Юрый Нікіцін — удзельнік шматлікіх украінскіх і міжнародных праектаў.
Пасля непрацяглага вопыту працы ў кіно Юрый Нікіцін пераважна займаецца станковым жывапісам, іканапісам і энкаустыкай (васковы жывапіс). Кіеўскі мастак распісвае хрысціянскія храмы, яго прылічваюць да найлепшых іканапісцаў Усходняй Еўропы. Таксама Юрый Нікіцін вынайшаў і ўдасканальвае аўтарскую тэхніку жывапісу на скуры.