У Брукліне пройдзе фотавыстава Джона Кунстадтэра “Неруш”

Адкрыццё выставы адбудзецца 3-га жніўня ў беларускай царкве Св. Кірылы Тураўскага, 401 Атлантык Авеню (Atlantic Avenue), Бруклін, Нью-Ёрк. Выстава будзе працягвацца да 3 верасня.

У гэтай выставы дзве крыніцы натхнення.

Першая крыніца – творчасць еўрапейскага паэта Рыгора Барадуліна (1935-2014), народнага паэта Беларусі. Я меў гонар быць з ім знаёмым, і выстава названая паводле яго верша “Неруш”, хваласпева мове беларусаў.

Другая крыніца – глыбокая пашана да такіх людзей, пра якіх Хрыстос гаварыў: “Вы – соль зямлі... Вы - святлo свету”.

Гэтае натхненне вядзе мяне ў фатаграфічнае падарожжа па трох сцежках.

Першая - занатоўка беларускага брэвіярыя - кола году і хронікі новага нараджэння веры – як праявы і прычыны адметнага беларускага асвятлення, адметнага беларускага водару глебы і адметнага беларускага пачуцця повязі з радзімай.

Другая – спроба адлюстраваць глыбокую, нязломную і, зноў жа, адметную і неад’емную еўрапейскасць беларускай культуры, беларускай сутнасці. Незлічоную колькасць разоў я быў сведкам таго, што сэрца беларускай нацыі б’ецца ў кожным малым, нават у немаўляці, што мова нацыі спявае ў кожным жэсце і кожнай усмешцы, што беларусы сціпла і непахісна спраўджваюць словы Максіма Багдановіча: “Так рупная пчала ўмее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак”.

Я буду шчаслівы, калі глядач ўбачыць і пачуе адбітак гэтых мелодый, гэтых рытмаў, гэтай руплівасці ў працах экспазіцыі.

Трэцяя сцежка, спадзяюся, вядзе мяне да глыбейшага разумення повязі лёсаў нашай нацыі і нацыі беларускай. Мы не былі б амерыканцамі, калі б не лёсавызначальная дапамога Тадэвуша Касцюшкі. Мы заўсёды шануем Касцюшку як паляка, а ён, народжаны ў Мерачоўшчыне, у сэрцы заходніх беларускіх земляў, ёсць сынам беларускай глебы.

Калі разважаць шырэй, трэба прыгадаць, што гонар нашай нацыі ў тым, што мы ўсведамляем сябе як нацыя простага чалавека. Кожны, хто вырас на Чыкагшчыне, як я, ці ў Пітсбургу, Кліўлендзе ці любым іншым горадзе сэрца Амерыкі, ведае, як простыя беларусы і прадстаўнікі іншых нацый, што існавалі пад імперскім уціскам ў тым жа рэгіёне, – палякі, літоўцы, украінцы і многія іншыя – прайшлі свой цяжкі шлях да Амерыкі, як гэтыя годныя і працавітыя людзі сталі часткай нашай нацыі, як яны будавалі нашу нацыю, як яны адыгралі неадʼемную ролю ў вызначэнні, кім мы ёсць і чаму.

Разглядаючы твары на гэтых фатаграфіях, па вялікім рахунку, мы глядзім на саміх сябе.

Джон Кунстадтэр

www.radzimaphoto.com