У суботу, 26 ліпеня, адбылася традыцыйная імпрэза ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве. Гэтым разам яе арганізаваў і правёў в.а. старшыні ТБК Зміцер Карачун.
У пачатку мерапрыемства нас прывітаў украінскі гурт „Світліця“.
Выступае ўкраінскі гурт "Світліця"
Праграма была прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі. Вільня адзін з гарадоў, які цесна звязаны з жыццём і творчасцю гэтага вялікага ўкраінскага паэта. Сёння ў гэтым горадзе захавалася шмат слядоў, якія сведчаць аб творцы: Ёсць вуліца Шаўчэнкі, ёсць мемарыяльная шыльда, пастаўлены яму помнік. Такім чынам, у літоўскай сталіцы захаваная памяць пра песняра Украіны.
З дакладам пра Тараса Шаўчэнку выступае Іра Ільніцька
Удзельнікі гурта Раман і Аксана праспявалі прысутным вядомыя песні, словы якіх напісаныя Тарасам Шаўчэнкам. Прыемна было чуць, што многія ў зале ім падпявалі. Гэта сведчыла, што творчасць паэта вядома і ў Беларусі і шануецца беларусамі. Напрыканцы яны праспавялі і пра падзеі ва Украіне. І іх не пакідала вера, што ўкраінцы перамогуць, бо змагаюцца за сваю зямлю. На жаль, гісторыя такая, што за 200 гадоў нічога не змянілася. Усё так, як і было ў часы Тараса Шаўчэнкі. Усходні агрэсар не хоча прызнаваць права іншых народаў на іх самастойнасць, мову, культуру, традыцыі.
У госці ў Таварыства завіталі сябры з Брацтва ў гонар Віленскіх пакутнікаў з Мінску. Яе сябра нам шырока распавёў пра Брацтва, пра яго задачы і поспехі. За той час, які існуе Брацтва, шмат было зроблена для беларусізацыі праваслаўнага жыцця ў Беларусі. На жаль, яно не набыло шырокага размаху як у Каталіцкай царкве, але пэўныя зрухі ў гэтым кірунку ёсць. Рэгулярна беларускія службы адбываюцца ў Мінску ў царкве св. Пятра і Паўла. Калі-нікалі сябры Брацтва выязджаюць у беларускія вёскі і гарады і там у мясцовых цэрквах ладзяць беларускія службы. І як у канцы адзначылі, цяпер усё больш і больш з’яўляеццца надзеі на тое, што такія набажэнствы будуць пашырацца і стануць рэгулярнымі ў іншых царквах.
Даклад ад Брацтва Віленскіх пакутнікаў
На імпрэзе ўзгадалі пра 30-я ўгодкі з дня смерці вялікага песняра Беларусі Уладзіміра Караткевіча. Як было ўзгадана, у ХХ ст. гэта быў ці не самы вялікі беларускі пісьменнік, менавіта ён з беларусаў як шэрай масы пачаў рабіць нацыю, вяртаючы ім іх гістарычную памяць.
У гэтым месяцы споўнілася 75 гадоў з дня смерці віленскага біскупа Эдварда фон Ропа. Ён шмат спрычыніўся да беларусізацыі Каталіцкага Касцёла. Дзякуючы яго пастырскай апецы і падтрымцы беларускае слова пачало ўваходзіць у штодзённае рэлігійнае жыццё беларуса.
І тое, што сёння беларуская мова гучыць у святынях Беларусі, таксама і заслуга біскупа.
Напрыканцы імпрэзы выступіў а. Даніла Сваяк, які нагадаў, што Беларусь мае агульныя хрысціянскія карані, таму сёння не трэба дзяліць яе на праваслаўных і каталікоў, трэба шукаць агульныя карані і тое, што яднае. Насамрэч паміж праваслаўнымі і каталікамі больш агульнага, чым адрознага. Трэба пераадолець шматлікія бар’еры і старацца жыць.
У чарговы раз хочацца падтрымаць нашых братоў украінцаў у змаганні за іх волю. І верым, чым хутчэй вольнай стане Украіна, тым хутчэй вольнай будзе Беларусь.
Інфармацыйная служба Таварыства беларускай культуры Літвы