Старыя беларускія газеты з’явіліся ў інтэрнэце

Бібліятэка імя Урублеўскага Літоўскай Акадэміі навук выклала ў інтэрнэт калекцыю перыёдыкі ХХ ст.

У тым ліку 210 (!) найменняў беларускіх газет і часопісаў, што выдаваліся ў Вільні ад 1906 да 1940 года. Большасць з гэтых выданняў былі або «аднадзёнкамі», або выходзілі на працягу колькіх месяцаў. Але існавалі і больш трывалыя выданні.

Сярод іншага, на сайце ёсць падшыўкі легендарных «Нашай долі» (1906) і «Нашай Нівы» (1906—1915, 1920), каталіцкіх выданняў «Беларус» (1913—1915) і «Хрысціянская думка» (1928—1939), хрысціянска-дэмакратычнай газеты «Крыніца» (1919—1940), дзіцячых часопісаў «Заранка» (1927—1931) і «Пралеска» (1934—1939), гумарыстычных «Авадзень» (1922—1932) і «Маланка» (1926—1928).

Каб скарыстацца сэрвісам, на старонцы www.mab.lt/en/catalogues трэба перайсці па спасылцы «Old periodicals». Клікнуўшы на назву патрэбнага выдання, на новай старонцы націскайце «Visas tekstas», а як адчыніцца акенца — выбірайце патрэбныя год і нумар выдання. Калі трэба захаваць на камп’ютар шмат нумароў адразу, націскайце па спасылках правай клавішай мышы і выбірайце «Захаваць аб’ект як» — гэтак сэканоміце час.

Кастусь Шыталь, Глыбокае