Выкладчыкі БДУ ды Украінскі эканамічна-гуманітарны ўніверсітэт імя Сцяпана Дзем’янчука стварылі праграму навучання праграмаванню на беларускай мове. Набор студэнтаў працягнецца да 1 лістапада. Навучанне на роднай мове як «новая фішка» Ва ўкраінскім Міжнародным эканамічна-гуманітарным універсітэце імя Сцяпана Дзем’янчука сумеснымі намаганнямі групы беларускіх ды ўкраінскіх выкладчыкаў паўстала беларускамоўная праграма «Інфарматыка». Разынка новай праграмы – навучанне на роднай мове, на якой будуць выкладаць вышэйшую матэматыку, тэорыю імавернасцяў, кібернэтыку, праграмаванне ды шэраг іншых неабходных прадметаў. Праграмаванне па-беларуску будзе каштаваць $ 600 за год. Навучанне зойме чатыры гады, па заканчэнню якой студэнт атрымае кваліфікацыю праграміста. Магчыма таксама стаць магістрам інфарматыкі. Фактычна, навучэнцы новай праграмы будуць студэнтамі-завочнікамі гэтай украінскай вучэльні: яны будуць мець студэнцкія білеты ўніверсітэту, здаваць у Роўне дзве сесіі ў год ды атрымаюць там дыплом. Заняткі распачнуцца ўжо 1 верасня ды будуць праходзіць завочна і дыстанцыйна. Падаць дакументы можна да 1 лістапада. «Мы абвяргаем словы прэзідэнта, што тэхнічная навука немагчымая на беларускай мове» Будучыя выкладчыкі новай праграмы перакананыя, што беларуская мова ў беларускіх вучэльнях мусіць быць не выключэннем, а галоўнай мовай, як на гуманітарных, так і на тэхнічных спецыяльнасцях. «Я ўпэўнены, што ў беларусаў усур’ёз атрымаецца займацца творчасцю і навукай толькі па-беларуску. Таму што зразумець усё як след можна толькі на сваёй мове», – кажа Павал Бука, дырэктар Інстытуту матэматыкі ды кібернэтыкі. Студэнтаў беларуска-украінскай праграмы ён будзе навучаць, як пісаць эфектыўныя кампутарныя праграмы. «Чаму менавіта па-беларуску? Мы абвяргаем словы прэзідэнта, што тэхнічная навука немагчымая на беларускай мове. Магчымая», – кажа Таццяна, жонка Змітра, дырэктара праекту. Алесь Радына, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт БДУ і будучы выкладчык праграмы лічыць, што беларуская мова нават больш падыходзіць для выкладання тэхнічных дысцыплін: «Я выкладаю і па-расейску, і па-беларуску, і магу сказаць, што расейская мова – занадта вобразная, у той час як беларуская – больш канкрэтная, як раз для матэматыкі і тэхнічных прадметаў». Чаму ж украінская ВНУ, а не той жа БДУ, узяла пад апеку беларускамоўную праграму? Як патлумачыў дырэктар праекту Зміцер Канаплянікаў, з украінскім бокам лягчэй наладзіць супрацу. Апрача гэтага, паколькі Украіна ўваходзіць у балонскую прастору адукацыі, адаптаваць украінскі дыплом у Еўропе будзе значна прасцей, чым беларускі, падкрэслівае спадар Зміцер. Гэта адкрывае перад студэнтамі больш перспектываў. Алег Трусаў: “Навучанне па-беларуску – гэта думкі і жыццё па-беларуску” Стварэнне беларускамоўнай праграмы навучання праграмаванню вітае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. «Навучанне па-беларуску – гэта думкі па-беларуску і жыццё па-беларуску. Бо мова - гэта нацыястваральны фактар. І мова навучання на ўсё жыццё робіць адпаведны адбітак на чалавеку, – зазначае старшыня ТБМ. – Таму вельмі важна вучыцца пераважна на роднай мове. Я за тое, каб у беларускіх універсітэтах 70% прадметаў былі па-беларуску, і 30% – на замежнай мове». Патрэбнай родную мову ў беларускіх універсітэтах лічыць выпускнік гомельскага тэхнічнага ўніверсітэту ім. П.Сухога па спецыяльнасці «Радыёэлектроніка» Зміцер: «Навучанне па-беларуску магчыма. У іншых жа краінах неяк вучаць тую ж вышэйшую матэматыку на сваіх, родных мовах. А ў Беларусі нібы няма тэрміналогіі, значыць, будзем па-расейску? Лухта. Ёсць і тэрміналогія, і слоўнікі. Адзінае што, калі ні ў сям’і, ні ў школе дзеці не вучаць беларускую мову, то ва ўніверсітэце яны яе проста не зразумеюць». Падрабязней пра беларускамоўную праграму «Інфарматыка» можна даведацца па адрасе. Марына Маўчанава, belsat.eu
13.02.2018
Скарынаўская бібліятэка ў Лондане