Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Ігар Петрышэнка ўручыў у Маскве медаль Францыска Скарыны вядомаму расійскаму і беларускаму пісьменніку Валерыю Казакову.
У апошнія гады толькі ў Мінску пабачылі свет шэсць кніг таленавітага паэта, празаіка, публіцыста. А літаратурны шлях Валерыя Казакова пачынаўся з падтрымкі, добрых слоў такіх пісьменніцкіх славутасцяў Расіі, як Андрэй Вазнясенскі, Юна Морыц… Сярод мінскіх выданняў нашага земляка — «Выбранае» ў серыі «Беларускі кнігазбор». Адна з кніг — «Прагнутыя нябёсы» аддрукаваная, як на сённяшні час, надзвычай вялікім накладам — 7000 экзэмпляраў. Валерый Мікалаевіч — член Саюза пісьменнікаў Беларусі. За ўклад у інтэграцыйныя працэсы пісьменніцкіх супольнасцяў адзначаны медалём СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Уручаючы дзяржаўную ўзнагароду нашаму суайчынніку (Валерый Мікалаевіч нарадзіўся на Магілёўшчыне), Ігар Петрышэнка падкрэсліў шматгранную работу пісьменніка ў грамадзе беларускай дыяспары ў Расіі, звярнуў увагу на многія ініцыятывы нашага земляка ў грамадска-палітычных, культурна-асветніцкіх стасунках народаў Расіі і Беларусі. Выставы ў музеях, падтрымка кнігавыдавецкай дзейнасці, перадача мастацкіх каштоўнасцяў, якія маюць дачыненне да Беларусі, з розных мастацкіх скарбніц Расіі — гэта далёка не поўны пералік добрых спраў старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Валерыя Казакова.
Пра адчуванні ў сувязі з высокай адзнакай, самім фактам уручэння ўзнагароды карэспандэнт запытаўся ў самога Валерыя Мікалаевіча:
— Якія могуць быць адчуванні, акрамя радаснай удзячнасці?.. А пра што думаецца ў звязку з гэтым… Ды, відаць, і пра тое, што Радзіма для кожнага з нас, як творчага чалавека, так і звычайнага, — і крылы, і крыніца натхнення. Да роднай старонкі заўсёды цягне, таму і дом у мяне ёсць у Беларусі, таму і цікавяць мяне справы ў роднай Айчыне, за якую перажываю, за якую думкамі і словамі малюся.
Мікола БЕРЛЕЖ