Заява Алега Рудакова

Дзень добры, дарагія сябры!

Ужо многім стала вядома, што я 5 ліпеня 2014 напісаў заяву аб выхадзе са складу сябраў Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага” (ІТБК).

Натуральна, у супольнасці з'явіліся розныя разважанні і шкадаванні на гэты конт.

Вось сёння я хачу афіцыйна і выразна растлумачыць.

Так, я прыняў такое рашэнне. Яно цвёрдае і зваротнай сілы не мае.

Але трагедыі тут зусім няма ніякай.

Як вы ўсе ведаеце, год таму, а менавіта 27 красавіка 2013 г., на чарговым 10-м З'ездзе ІТБК я пасля 17 гадоў кіраўніцтва склаў з сябе паўнамоцтвы старшыні дадзенай арганізацыі. Аргументаваў я гэта тым, што, з'яўляючыся прыхільнікам дэмакратычных каштоўнасцяў, лічу, што 17 гадоў быць кіраўніком, нават грамадскай арганізацыі, для аднаго чалавека занадта шмат. Тым больш, вырасла новая, маладая, грамадска-актыўная змена, якая рвецца рэалізаваць свае планы па кіраўніцтве ІТБК. Да таго ж, я вырашыў засяродзіць сваю ўвагу на навукова-этнаграфічных пошуках ва Усходняй Сібіры.

Такім чынам, пасля таго, як я склаў з сябе паўнамоцтвы старшыні, 10-ты З'езд ІТБК абраў новай старшынёй Алену Сіпакову, а двума яе намеснікамі Юлю Пермінаву і Аляксея Максімавіча Церахава. Я застаўся ў складзе Абласной Рады ІТБК.

Цягам крыху больш чым года новы актыў і я працавалі сумесна. За некаторыя мерапрыемствы я браў на сябе адказнасць у правядзенні, за некаторыя - новае кіраўніцтва.

Гэты год можна лічыць для ІТБК асабліва ўдалым. Новы актыў здолеў атрымаць дастаткова вялікі грант ад Абласной адміністрацыі на рэалізацыю сваёй планавай працы. За гэты год новае кіраўніцтва здолела стварыць выдатную, згуртаваную, актыўную каманду. Новы актыў ІТБК успадкоўваючы асноўныя напрамкі развіцця нашай арганізацыі, уносіць і навацыі.

І ўсё ж у свядомасці многіх людзей Іркуцкай вобласці, асабліва журналістаў я асацыююся з “галоўным беларусам Прыбайкалля”. А гэта ў корані не так.

Таму:

1) паколькі Алене Сіпаковай і яе намеснікам удалося стварыць новую актыўную, згуртаваную, пісьменную, прафесійную каманду, кіруючую ІТБК;

2) у сувязі з тым, што мая прысутнасць, нават на пасяджэннях Абласной Рады, толькі ўносіць нейкую “аглядку” і “сумятню” ў працу кіруючых органаў ІТБК;

3) каб не блытаць грамадскасць горада Іркуцка і вобласці, а таксама “журналісцкую брацію”;

4) каб вызваліць сабе час для навуковых пошукаў і некаторых іншых праектаў -

я і прыняў рашэнне выйсці з складу ІТБК.

Цвёрда перакананы, што з новым кіраўніцтвам, без майго ўдзелу, гэтая арганізацыя дасягне наступнага вітка ў сваім развіцці!

У той жа час, я, будучы яшчэ маладым і поўным сіл, застаюся актыўным удзельнікам беларускага руху ў Прыбайкалле, і ў рамках Іркуцкай гарадской маладзёжнай грамадскай арганізацыі “Моладзевы клуб Крывічы” (МК “Крывічы”- старшыня Воля Галанава), сябрам якой я з'яўляюся з красавіка 2009 года (момант афіцыйнай рэгістрацыі гэтай арганізацыі), буду спрыяць адраджэнню, захаванню і развіццю беларускай традыцыйнай культуры ў Іркуцкай вобласці.

І ІТБК, і МК “Крывічы” стратэгічна з'яўляюцца партнёрамі. Мы аднолькава хочам, каб беларускі рух у Прыбайкаллі развіваўся. Аднак кожная арганізацыя будзе ісці да гэтага сваім шляхам.

Лічу, што ў цэлым беларускі рух у нашым рэгіёне толькі выйграе, бо чым больш будзе ў Іркуцкай вобласці беларускіх ансамбляў, арганізацый, клубаў і да т.п., тым больш ярка і важка будзе прадстаўлена беларуская культура ў Прыбайкаллі.

Спадзяюся, што з ІТБК нас будуць звязваць партнёрскія, паважлівыя адносіны. Разам мы робім адну справу, але кожны сваімі метадамі.

З павагай, Алег Рудакоў

17 ліпеня 2014 г.