Нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Масквы» выдала кнігу «Рэспубліка-партызанка». Зборнік артыкулаў прымеркаваны да 70-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Выданне з’яўляецца вынікам навуковай дзейнасці супрацоўнікаў Навукова-даследчага цэнтра гісторыі дыяспар гістарычнага факультэта МДУ імя М.В. Ламаносава, Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, Навукова-даследчага Цэнтра фундаментальнай шматтомнай працы «Вялікая Айчынная вайна 1941 — 1945 гадоў».
Адкрываецца зборнік грунтоўным даследаваннем Сяргея Кандыбовіча, Вячаслава Даніловіча і Аксаны Солапавай «Грамадскія партызанскія аб’яднанні Расіі і Беларусі: 70 гадоў гісторыі». Пра падпольны рух у пярэдадзень вызвалення расказвае доктар гістарычных навук Аляксандр Каваленя. Сярод аўтараў кнігі — беларускія і расійскія гісторыкі Барыс Далгатовіч, Уладзімір Здановіч, Аксана Солапава, Аляксей Гусеў, Аксана Казапалянская, Майя Бабенка і інш. Асобным раздзелам прадстаўлены ў зборніку ўспаміны нашых землякоў, лёс якіх звязаны з Масквой: кінарэжысёра Аляксандра Ульянава, актрысы Марыяны Мадоравай-Патапавай, генерал-лейтэнанта Вячаслава Раманава, дзяржаўных, палітычных дзеячаў Кандрата Цераха, Віктара Шавялухі і інш. Выдадзеная накладам 1000 экзэмпляраў, кніга «Рэспубліка-партызанка», несумненна, добры ўнёсак у вывучэнне ваеннай гісторыі нашай Айчыны. Спадзяёмся, што заўважаць яе не толькі ў Маскве, але і ў Беларусі.
Мікола Берлеж