Для рэалізацыі Закона «Аб беларусах замежжа» будзе створаны Кансультацыйны савет
Пра гэта карэспандэнту «Звязды» паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык. Нагадаем, што дакумент быў падпісаны Прэзідэнтам краіны 16 чэрвеня.
Падтрымка суайчыннікаў за мяжой
Законам вызначаны асноўныя прынцыпы, мэты і кірункі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа ў мэтах забеспячэння салідарнасці беларусаў ва ўсім свеце, захавання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа і ўмацавання іх сувязяў з Беларуссю. «Што тычыцца нашых планаў па рэалізацыі закона, то міністэрства збіраецца да канца года распрацаваць палажэнне аб Кансультацыйным савеце пры МЗС, а таксама падрыхтаваць пасяджэнне гэтага савета», — заявіў Дзмітрый Мірончык. Улічваючы тое, што ў 2015 годзе скончыцца дзеянне дзяржаўнай праграмы «Беларусы ў свеце», верагодна, Кансультацыйны савет прыме актыўны ўдзел у распрацоўцы новых спосабаў узаемадзеяння з беларусамі за мяжой.
Дарэчы, да беларусаў замежжа адносяцца: грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за яе межамі; замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і самі або іх продкі па прамой узыходзячай лініі нарадзіліся або пражывалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі; замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і ідэнтыфікуюць сябе як беларусы з пункту гледжання этнічнай прыналежнасці да беларускага народа або беларускай мовы, культуры, гістарычных сувязяў, ведання і захавання беларускіх традыцый і звычаяў.
Ізраіль і канфлікт ва Украіне
Вядома, што Беларусь даўно вядзе перамовы з Ізраілем наконт адмены візавага рэжыму. «Пры гэтым беларускі бок выразна зыходзіць з прынцыпу, што ніякая катэгорыя беларускіх грамадзян не можа быць дыскрымінавана падобным пагадненнем, — паведаміў Дзмітрый Мірончык. — Таму мы будзем зыходзіць з таго, што пагадненне з Ізраілем, як і з іншымі краінамі, будзе распаўсюджвацца на ўсіх беларускіх грамадзян».
Прэс-сакратар МЗС таксама пракаментаваў сітуацыю з паведамленнямі ў СМІ аб беларускіх грамадзянах, затрыманых ва Украіне. «У МЗС Беларусі не паступала афіцыйнай інфармацыі ўкраінскага боку аб затрыманні беларускіх грамадзян па абвінавачванні ў тэрарызме, падрыхтоўцы акцый пратэсту і іншых супрацьпраўных дзеянняў, — сказаў Дзмітрый Мірончык. — Паводле інфармацыі СМІ, у Адэсе былі затрыманы двое грамадзян Беларусі, і нашы замежныя ўстановы аператыўна рэагавалі на падобныя паведамленні, падтрымлівалі і падтрымліваюць цесны кантакт з украінскімі праваахоўнымі органамі». Ён удакладніў, што, па наяўных звестках, адзін з названых грамадзян з 1 ліпеня ўжо знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, а другі — з 5 ліпеня на тэрыторыі Расіі.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ