Шмат гадоў сярод віленскіх беларусаў не знікае пытанне, што сталася з былымі дамкамі, якія калісьці тут належалі беларускім айцам-марыянам з Друі. Падставай стала тое, што ў 1990-я гады там размяшчалася сядзіба Таварыства беларускай культуры ў Літве. З гэтай нагоды старшыня ТБК Хведар Нюнька патлумачыў гісторыю гэтых дамкоў і таго, наколькі Таварыства было замяшана ў гэтай справе: „Напачатку сваёй дзейнасці, яшчэ напрыканцы 1980-х гадоў, мы склалі план сваёй працы. Першае – зрабіць намаганні, каб атрымаць свой куток, а пакуль збіраліся ў палацы прафсаюзаў, нам давалі адзін пакой і давалі магчымасць збірацца раз на тыдзень. Я шукаў магчымасць, каб атрымаць якое-небудзь сваё памяшканне. Я пачаў цікавіцца гэтым, пытаўся беларусаў, што яны тут мелі, паколькі ў міжваенны час беларускі рух тут быў моцны, былі вялікія людзі, разумныя, адукаваныя, беларускіх арганізацый было шмат, і Навуковае таварыства, і Банк беларускі, і інстытут, і музей. Але як аказалася, беларусы не мелі нават ні аднаго квадрата сваёй уласнай плошчы. Хтосьці здымаў кватэру, хтосьці ў знаёмых жыў і г.д. Па-мойму, толькі адзін Радаслаў Астроўскі меў тут пабудаваны дом у Павільні. А каля ракі была яго кватэра. Але паколькі мы да яго не маем ніякіх адносін, то нават і не падымалі гэтага пытання. Адзінае, што мяне зачапіла, гэта тое, што я даведаўся ад Янкі Багдановіча, што тут, на Жыгімонта вуліцы, былі дамкі, якія купілі айцы-марыяне з Друі. Я знайшоў нават акт куплі гэтых дамкоў ад жыдоў, займаўся купляй Андрэй Цікота. І я ўхапіўся за гэтую магчымасць прэтэндаваць, дзякуючы таму, што былі сувязі на высокім узроўні з уладамі Літвы. І вось у нейкай ступені нам удалося, нават атрымалі пасведчанне, што гэта нам належыць. Але пасля справа пайшла іначай. Дамкі належалі беларускім марыянам. А я не падумаў, што марыяне не толькі беларускія, яны інтэрнацыянальныя. І вось на першых парах нам удалося пасяліцца, атрымаць частку памяшкання. Мы там нават зрабілі рамонт і некаторы час там знаходзіліся. А потым аказалася, што ў Літве ёсць айцы-марыяне з цэнтрам у Каўнасе. І гэтым пачаў займацца ксёндз Вацлаў Алюліс. І яны напісалі скаргу ў самаўправу, што беларусы незаконна карыстаюцца часткай гэтых дамкоў. Яны з’яўляюцца грамадскай арганізацыяй, а дамкі ніколі не належалі грамадскай арганізацыі, а належалі айцам-марыянам. І нам у памяшканні адмовілі і перадалі яго айцам-марыянам. Ім там не вельмі спадабалася, і як кампенсацыю ім далі ў другім раёне, у самым цэнтры, каля самай кафедры, вялікі будынак. І такім чынам беларусы засталіся ні з чым“.
Літоўскі святар, айцец-марыянін Вацлавас Алюліс, які займаўся пытаннем вяртання гэтых дамкоў літоўскім марыянам, пазней адзначаў: „Гэта мая віна, што я тады не падумаў, што і беларусам трэба штосьці пакінуць“.
Такім чынам бачым, што беларусам не пашанцавала і гэтым разам.