У ноч з 21 на 22 чэрвеня - самую кароткую ў годзе - беларусы Іркуцкай вобласці святкавалі Купалле. Самыя шматлюдныя і яркія гулянні сёлета прайшлі ў вёсцы Ахіны - старажытным беларускім паселішчы, заснаваным сталыпінскімі перасяленцамі яшчэ ў 1910 годзе.
- Старажылы гэтага сяла памятаюць, як шмат гадоў таму яны збіраліся на Купалле, спявалі абрадавыя песні, скакалі праз вогнішча, заводзілі народныя танцы. Паступова гэтыя традыцыі згаслі, і бабулі, калі мы прыязджалі з этнаграфічнымі экспедыцыямі ў Ахіны, толькі ўздыхалі: "Напэўна, мы гэтага ўжо не ўбачым". Ну, а мы падумалі: чаму ж не? Іркуцкае таварыства беларускай культуры праводзіць Купалле ўжо 19 гадоў, таму моладзь з клуба "Крывічы" ў гэтым годзе дапамагла арганізаваць свята ў Ахінах, - распавёў Алег Рудакоў, прадстаўнік таварыства.
Па традыцыі Купалле праводзяць у самую кароткую ноч года. Бо назва свята паходзіць ад беларускага "купала" - "ярае", "гарачае". Гэта пра сонца. І гулянні прысвечаны сонцу, каб задобрыць свяціла. Гэта потым ужо Купалле змяшалася з хрысціянскім святам Іаана Хрысціцеля (адбілася і сугучча слоў "купала" і "купаць"), а са зменай календароў святкаванне зрушылася на пачатак ліпеня. Іркуцкія беларусы вырашылі прытрымлівацца старажытных традыцый.
На заходзе жанчыны з Ахін і Іркуцка, набраўшы бярэмы кветак, сабраліся ў магічны круг і пад старадаўнія песні пачалі плесці вянкі - не проста ўпрыгожванне, але яшчэ і абярэг ад нячыстай сілы, якая, паводле народных павер'яў, разгульваецца ў купальскую ноч. Прыйшлі на свята і князь Купаліч, і выдатная Купалінка - дачка сонца. Князь Купаліч, здабыўшы агонь па-старому, крэсівам, запаліў паходню, а Купалінка пад старадаўнія беларускія песні развяла ад паходні вогнішча. Вогнішча было складзена таксама па старым звычаі: вышэй чалавечага росту, з абавязковым слупом, на самым версе якога красавалася кола - сімвал сонца. Але ці то дровы былі макраватыя, ці то нечысць пашчыравала, толькі агонь доўга не хацеў разгарацца. Аднак пацягнуў ветрык з ракі, і полымя быццам уздыхнула і паляцела ў самае неба.
Дзе святло і цяпло - там і весялосць. Госці і мясцовыя жыхары хутка пераймалі танцавальныя рухі - полька задам, падэспань, маразуля. Маразуля - вельмі просты танец: два крокі налева, два направа, адзін крок наперад - два ўсплёскі далоньмі, адзін крок назад - два ўсплёскі. Але тэмп музыкі паскараецца, і пад канец усе рухі трэба рабіць хутка і выразна. Хто не паспявае - той і маразуля, "тормаз", як кажуць падлеткі. Маразуль хапала, але ніхто не крыўдзіўся - смех панаваў над карагодам. Тым часам парачкі, узяўшы факел, уцякалі ў пералесак - шукаць папараць-кветку, якую знайсці можна толькі ў купальскую ноч. Папараць у ваколіцах Ахін, вядома, не расце, але гэта нікога не бянтэжыла.
За танцамі ішлі песні, за песнямі - гульні.
- Мы спецыяльна з ансамблем развучвалі народныя песні: "Ой, рана на Івана", "У ноч на Купала", песню пра карыта, - падзялілася адна з самых юных удзельніц Соф'я. Дзяўчынка ўжо трэці год спявае ў дзіцячым фальклорным ансамблі "Званочкі" (кіраўнік Воля Галанава) пры Маладзёжным клубе "Крывічы". Пра тое, каб Соф'я і яе малодшая сястра Ліза не забывалі свае карані, вельмі дбае і іх бабуля.
Весяліліся і стары, і малы. Самай маленькай удзельніцы Купалля было 4 гады. Самай старэйшай госці, мясцовай жыхарцы - за 80 гадоў. Скакалі праз вогнішча, вадзілі хітрыя карагоды, варажылі, пускаючы вянкі па рацэ.
Ноч прамільгнула, як адна гадзіна, здавалася б, зусім нядаўна згасла заходняя зара, і вось ужо пачало святлець неба на ўсходзе. Госці пачалі раз'язджацца, падзякаваўшы на развітанне жыхарам Ахін і моладзі з "Крывічоў", а ў адказ атрымлівалі запрашэнні на свята Івана Купалы, якое правядуць у пачатку ліпеня.
Фота Змітра Пракаповіча