“Санкт-Пецярбург і беларуская культура”

21 чэрвеня 2014 г. у канферэнц-залі Расійскай нацыянальнай бібліятэкі з ініцыятывы Санкт-Пецярбургскай асацыяцыі беларусістаў адбылася ўжо 22-ая штогадовая навуковая канферэнцыя “Санкт-Пецярбург і беларуская культура”.

З прывітальным словам ад імя МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выступіла сябра Управы арганізацыі, кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка. Была згадана дзейнасць Згуртавання па падтрымцы беларушчыны як у метраполіі, так і ў дыяспары, перададзеныя падарункі суайчыннікам. Сярод іншага, арганізатару канферэнцыі загадчыку Аддзела рэдкіх кніг РНБ, доктару філалагічных навук Міколу Нікалаеву быў перададзены юбілейны медаль ЗБС “Бацькаўшчына”, прызначаны памерламу ў мінулым годзе старшыні Беларускага культурна-грамадскага таварыства ў Санкт-Пецярбургу Валянціну Грыцкевічу. Медаль будзе скіраваны сваякам знакамітага беларуса.

Прадстаўленыя на канферэнцыі даклады былі надзвычай разнастайныя паводле тэматыкі і храналогіі. Начальнік аддзела інтэграваных сістэм мэнэджмента Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пра Прэзідэнце РФ Дзмітрый Саўчанка аналізаваў гісторыю беларуска-расійскіх адносінаў, старшы навуковы супрацоўнік Расійскай хрысціянскай гуманітарнай акадэміі, кандыдат філасофскіх навук Аляксандр Клястоў распавёў пра інтэлектуальны рэнесанс ХІІ ст., згаданы ўжо доктар Мікола Нікалаеў прадставіў гісторыю Навагрудскай цудатворнай іконы Маці Божай XVII ст., прафесар Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага універсітэта аэракасмічнага прыборабудавання, доктар гістарычных навук Тамара Смірнова разгледзела старонкі мастацкага жыцця Ленінградскага Беларускага “Домпросвета”, старшыня Санкт-Пецяргубскага таварыства Дз. Шастаковіча Дзмітрый Салярцінскі зрабіў агляд старонак піцерска-віцебскіх музычных сувязяў.

Улічваючы месца правядзення канферэнцыі — Расійскую нацыянальную бібліятэку — традыцыйна багата было дакладаў, прысвечаных пісьмовым крыніцам і друкаваным выданням. Так, старшы навуковы супрацоўнік РНБ Сяргей Жэмайціс разгледзеў асаблівасці заходнерускіх згадак у летапісах XV ст., у тым ліку аповедаў пра Грунвальдскую бітву. Дацэнт кафедры славянскай філалогіі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Вольга Гусева распавяла пра асаблівасці тэксту “Прадмовы” Мікалая Радзівіла Чорнага да Берасцейскай Бібліі 1563 г. Загадчык сектара старадрукаў Аддзелу рэдкіх кніг РНБ, доктар філалагічных навук Андрэй Вазнясенскі раскрыў перад аўдыторыяй таямніцы Евангелля 1600 г., надрукаванага ў віленскай друкарні Мамонічаў. Найбольшы знаўца спадчыны Яна Баршчэўскага прафесар Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута, доктар біялагічных навук Дзмітры Вінаходаў спыніўся на адной з загадак пісьменніка — легендзе пра дачку Акіяну. Прафесар карэйскага Універсітэту Донгсео (Пусан), доктар філасофіі Крыс Мандэй разважаў пра Льва Клейнбарта, Васіля Розанава і нацыянальнае пытанне. Спецыфіку дзіцячых кніг на ідышы, выдадзеных у Беларусі ў 1920—1940-х гг. вызначыла ў параўнанні з кнігамі, што выйшлі ў той жа час ва Украіне, галоўны бібліятэкар РНБ, кандыдат гістарычных навук Вера Кнорынг.

Некалькі дакладаў былі прысвечаныя музычнай спадчыне. Так, выкладчык Санкт-Пецярбурскага праваслаўнага інстытута рэлігіязнаўства і царкоўных мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, кандыдат гістарычных навук Ірына Герасімава распавяла пра асаблівасці беларускага напеву ў рускіх пеўчых кнігах апошняй трэці XVII ст. Пры гэтым аповед суправаджаўся дэманстрацыяй з удзелам спевакоў. Праілюстравала музычнымі запісамі свой выступ, прысвечаны феномену харавога шматгалосся ў літургічных жанрах Алега Хадоска, і Галіна Осіпава, дацэнт Санкт-Пецярбурскага ўніверсітэта кіно і тэлебачання, кандыдат мастацтвазнаўства.

Жывую цікавасць выклікалі даклады супрацоўніка Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіву Юрыя Тарасава “Дапаможная паліцыя ў Беларусі ў 1941-1944 гг. Наваградскі паліцэйскі эскадрон і іншыя фармаванні”, а таксама ў пэўнай ступені правакацыйны выступ кандыдата філалагічных навук, доктара філасофіі Яўгена Вертэля “Інтэрнэт і беларуская мова: учора, сёння, заўтра”.

Варта адзначыць, што прадстаўленыя на канферэнцыі даклады былі зроблены на высокім навуковым узроўні. Часам даволі вузкая спецыфіка тэмаў разам з іх разнастайнасцю падтрымлівала ў аўдыторыі трывалы інтарэс.

Пераважная большасць удзельнікаў канферэнцыі не з’яўляюцца беларусамі паводле паходжання. Беларусістыка — частка іх прафесійных зацікаўленняў. Аднак ініцыятыва арганізацыі гэтых мерапрыемстваў зыходзіць менавіта ад беларусаў, якія былі і сярод прысутных слухачоў.

Варта адзначыць, што піцерскія навуковыя беларусазнаўчыя канферэнцыі ўяўляюць сабой унікальны для беларускага замежжа феномен. Сваёй трываласцю і навуковым узроўнем яны не маюць аналагаў ні ў гісторыі беларускага замежжа, ні ў сучаснасці. Безумоўна, навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя беларускай тэматыцы, ладзіліся і ў паваенны час прадстаўнікамі эміграцыі ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, і сёння арганізоўваюцца суайчыннікамі ў Польшчы, Літве. Аднак рэгулярна дзеючыя цягам болей як два дзясяткі гадоў у часе белых начэй навуковыя канферэнцыі, што суправаджаюцца публікацыяй зборнікаў, — гэта выбітная з’ява для замежнага беларусазнаўства.

У сваёй кнізе “Беларускі Пецярбург” доктар Мікола Нікалаеў абгрунтаваў думку, што на пачатку ХХ ст. Санкт-Пецярбург быў своеасаблівай інтэлектуальнай сталіцай Беларусі. Значная частка беларускіх навукоўцаў, культурных і грамадскіх дзеячаў тым ці іншым чынам былі звязаныя з гэтым горадам. І традыцыі інтэлектуальнай працы захоўваюцца і працягваюцца тут сёння. Пры гэтым варта асабліва адзначыць падтрымку, якую аказвае мерапрыемствам Расійская нацыянальная бібліятэка. Можна спадзявацца, што канферэнцыі, прысвечаныя піцерска-беларускім сувязям, будуць праводзіцца і надалей.