Беларускі Кракаў

Цікавасць да Польшчы ў тыповага беларуса не сягае далей за заманлівыя распродажы, такс-фры і іншыя прынады ўдалай прамоцыі. Паспрабуем зрушыць суайчыннікаў ад спакушальных прылаўкаў у бок культуры і гісторыі. Дапаможа нам у гэтым беларускі гайд па Кракаве.

Кракаў усяго чвэрць стагоддзя быў сталіцай беларускіх земляў у складзе Рэчы Паспалітай. Аднак сталыя сувязі з горадам на Вісле ўсталяваліся крыху раней: ад пачатку XV стагоддзя сюды цягнуліся ахвочыя да еўрапейскай навукі літвіны, а напрыканцы стагоддзя ХІХ ужо ў аўстра-венгерскім Кракаве былі надрукаваныя кнігі-перадвеснікі беларускага нацыянальнага руху.

Паспрабуем адшукаць беларускія адбіткі мінулага падчас шпацыру па сучасным Кракаве.

Ягелонскі ўніверсітэт

Найперш наведаем універсітэт. Ад часоў Ягайлы за ім замацавалася назва Ягелонскага, і за першыя два стагоддзі яго школу прайшло больш за 400 выхадцаў з Беларусі. Сярод іншых – Францыск Скарына, Сымон Будны і, верагодна, Іван Фёдараў. Для найбольш здатных “кракаўскі дыплом” адкрываў дзверы ў найлепшыя універсітэты Заходняй Еўропы. “Адток мазгоў” з Вялікага Княства Літоўскага паменшыўся толькі з адкрыццём Віленскага ўніверсітэта, аднак і ў наш час беларусы ахвотна прыязджаюць у Кракаў па навуку.

Сучасныя факультэты раскіданыя па ўсім горадзе, але захаваўся і найстарэйшы будынак універсітэта(скрыжаванне swAnny i JagiellońskiejCollegium Maius, сцены якога яшчэ памятаюць Францішка Скарыну. Цяпер тут месціцца ўніверсітэцкі музей.

Капліца Святога Крыжа на Вавелі

Не ведаю, ці магчыма адшукаць на Радзіме прыклад беларускага манументальнага жывапісу часоў Сярэднявечча, але ў Кракаве ён ёсць! Паліхромныя фрэскі на сценах і скляпеннях капліцы былі выкананыя ў 1470 г. майстрамі з Вялікага Княства Літоўскага і доўгі час знаходзіліся пад пазнейшай тынкоўкай. Толькі ў другой палове ХІХ ст. удалося адкрыць роспіс, на якім дагэтуль можна знайсці надпісы на старабеларускай мове.

Гэты храм – адзін з дзевятнаццаці вавельскіх капліц. Пабудаваны ён быў на замову вялікага князя літоўскага і польскага караля Казіміра Ягелончыка. Відаць, што ва ўладара пераважаў літвінскі патрыятызм, таму для роспісу капліцы ён запрасіў майстроў са сваёй малой Радзімы. Казімір разам са сваёй жонкай Эльжбетай знайшоў у гэтай капліцы вечны спачын.

 

Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла

Да з’яўлення езуіцкага касцёла ў Кракаве (ulGrodzka, 52a) спрычыніўся беларускі італьянец Ян Бернардоні. Гэта яго другі буйны барочны храм пасля касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Што праўда, архітэктар не дажыў да канца будоўлі. Імаверна, езуіцкага архітэктара пахавалі на тэрыторыі разлеглай рэзідэнцыі ордэна.

З касцёлам звязаны лёс выхадца з Берасцейшчыны, найбольш вядомага атэіста сярэднявечнай Беларусі Казіміра Лышчынскага. Тут, у Петрапаўлаўскім касцёле, адбылося яго пасвячэнне ў езуіты у 1658 г. Аднак з пашанай адысці ў лепшы свет у яго не атрымалася. Казімір з часам перагледзеў свае рэлігійныя погляды і выдаў нашумелы трактат “Пра неіснаванне Бога”, пасля чаго яму адсеклі галаву, спалілі цела і стрэлілі попелам у бок Турэччыны.

Друкарня Анчыца

Кракаў доўгі час быў адным з найбуйнейшых друкарскіх цэнтраў Усходняй Еўропы. Менавіта тут, у друкарні Швайпольта Фіёля, у канцы XV ст. былі надрукаваныя першыя кірылічныя кнігі. Пазней Мікола Гусоўскі выдаў тут лацінамоўную “Песню пра зубра”. Вось толькі адшукаць месца, дзе знаходзіліся першыя кракаўскія друкарні, бадай што немагчыма.

Тым не менш дакладна вядома, дзе месцілася друкарня Уладзіслава Людвіка Анчыца, на варштатах якой у 1891 годзе была надрукаваная Багушэвічава “Дудка беларуская”. Гэта будынак на вуліцы Kanonicza, 9 – проста насупраць Петрапаўлаўскага касцёла. Менавіта з гэтага месца разышліся па свеце несмяротныя словы песняра: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”

Кракаўская акадэмія ведаў

Аўстра-венгерскі Кракаў ў другой палове XIX ст. выконваў для Беларусі не толькі друкарскую місію, але і навуковую. З Кракаўскай акадэміяй ведаў актыўна супрацоўнічалі Зыгмунт Урублеўскі (памятная дошка ў яго гонар усталяваная ў кракаўскім касцёле Святой Ганны), Аляксандр Ельскі, Адам Кіркор (большая частка архіваў двух апошніх знаходзіцца ў Ягелонскай бібліятэцы).

Дзякуючы акадэміі пабачыла свет этнаграфічная работа Адама Гурыновіча “Зборнік беларускіх твораў”, а Адам Кіркор напісаў беларускую частку шматтомнага выдання “Жывапісная Расія”.

Галоўны гмах Нацыянальнага музея

Музей (al. 3 Maja, 1) валодае адной з найбагацейшай калекцый ў Польшчы, шмат цікавостак ёсць тут і для беларусаў. У прыватнасці, тут знаходзіцца найвялікшы збор вырабаў мануфактур XVIII ст. з нашых земляў, а таксама самая багатая калекцыя малюнкаў Напалеона Орды.

Сярод іншага адзначым велізарны габелен (3,2*5,9 м) “Прагляд літоўскіх войск перад Аўгустам ІІІ пад Заблудавым”, выраблены ў Альбе, пад Нясвіжам. Гэта адзін з адзінаццаці габеленаў, якія ў часы Радзівіла Рыбанькі віселі на сценах Нясвіжскага палаца. Апроч таго, ахвочыя адшукаюць тут выкшталцонае налібоцкае і ўрэцкае шкло, слуцкія паясы, слонімскую і карэліцкую тканку, фаянсавыя вырабы з Целяхан.

Кафедральны сабор Святых Станіслава і Вацлава

У саборы пахаваная большасць польскіх каралёў і ўладароў Рэчы Паспалітай: Ягайла, Жыгімонт ІІ Аўгуст, Стэфан Баторый, Ян ІІІ Сабескі і іншыя. Аднак свой вечны спакой тут знайшлі не толькі каранаваныя асобы, але і героі польскай гісторыі з іншых галін. Сярод іх асаблівае месца адведзенае выхадцам з Беларусі, Тадэвушу Касцюшку і Адаму Міцкевічу. І слынны вайсковец, і знакаміты паэт памерлі ў эміграцыі, і іх прах перанеслі ў Кракаў толькі ў 1818 і 1890 гадах адпаведна.

Сукеніцы

Менавіта ў гэтым будынку (Rynek Główny, 3) распачаў сваю работу ў 1879 г. Нацыянальны музей у Кракаве. Сёння ён мае дзясятак аддзяленняў, а ў Сукеніцах прадстаўленая галерэя польскага мастацтва ХІХ ст.

Сярод палотнаў, побач з якімі затрымаецца кожны беларус, – партрэт Адама Міцкевіча аўтарства Юзафа Аляшкевіча, карціны выхадца з Ашмяншчыны Вінцэнта Дмахоўскага, шматлікія выявы Тадэвуша Касцюшкі і Адама Міцкевіча.

Музей імя Эмерыка Гутэн-Чапскага

Гутэн-Чапскі амаль усё сваё жыццё пражыў у Станькаве пад Мінскам, дзе сабраў найбагацейшую музейную калекцыю. Перад смерцю ён вырашыў пераехаць у Кракаў і перавезці туды свае зборы.

У Кракаве калекцыянер набыў палац (ul. Piłsudskiego, 12), у якім цяпер і знаходзіцца музей. Пасля яго смерці калекцыя, аснову якой складалі нумізматычныя каштоўнасці (манеты, банкноты, ордэны, медалі) была перададзеная ў гарадскую ўласнасць, і з 1903 г. яна стала даступнай наведнікам. Менавіта дзякуючы Эмерыку Гутэн-Чапскаму ў фонды Нацыянальнага музея ў Кракаве трапіла прадукцыя беларускіх мануфактур XVIII ст.

Ракавецкія могілкі

Ракавецкія могілкі існуюць ад пачатку ХІХ ст. Выключнай пашанай тут карыстаецца пахаванне польскага мастака Яна Матэйкі. Але і беларусам ёсць куды ўскласці кветкі на гэтых могілках: тут пахаваны філосаф з Лідчыны Казімір Нарбут, калекцыянер і палітык Эмерык Гутэн-Чапскі, паэт Алесь Гарун.

Культурны абмен

Бернар Ваявудка – кракаўскі друкар, вучань Эразма Ратэрдамскага. На запрашэнне Мікалая Радзівіла Чорнага ўзначаліў у 1553 г. першую ў межах сучаснай Беларусі друкарню – берасцейскую. І хоць праз год Ваявудка патануў у адной з берасцейскіх рэк, друкарская справа ў горадзе на гэтым не пынілася.

Юзаф Пешка – мастак эпохі класіцызму, нарадзіўся і памёр у Кракаве, але значную частку жыцця правёў у Беларусі: жыў у Мінску, Гародні, Нясвіжы. Маляваў у Магілёве, Віцебску, Шклове, Смалянах, Любчы. Асноўны жанр падчас пражывання ў Беларусі – гарадскі пейзаж. У Польшчы пісаў пераважна партрэты, часам гістарычныя карціны.

Адам Кіркор – беларускі выдавец, археолаг, журналіст. Ва ўзросце 66 гадоў пераехаў у Кракаў, дзе быў адным з заснавальнікам Акадэміі ведаў. У цэнтры навуковых інтарэсаў Адама Кіркора была гісторыя, археалогія і этнаграфія Беларусі.

Зыгмунт Урублеўскі – фізік, удзельнік паўстання 1863 г., праз 6 гадоў высылкі вучыўся ў Берлінскім універсітэце, абараніў дысертацыю на ступень доктара ў Мюнхене. Выкладаў на фізічным факультэце Ягелонскага ўніверсітэта, у лабараторыі якой здолеў атрымаць вадкі кісларод у 1883 г. Трагічна загінуў у выніку пажару ў гэтай жа фізічнай лабараторыі.

Алесь Лапо