12 чэрвеня расійцы адзначаюць Дзень незалежнасці. Напярэдадні па шмат якіх гарадах адбыліся імпрэзы патрыятычнай тэматыкі, закліканыя падкрэсліць еднасць Расіі ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі. Адметная імпрэза прайшла ў Іркуцку — найперш таму, што мела яскрава беларускі каларыт. У калоне гараджанаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі і ў нацыянальных строях прайшлі блізу сотні этнічных беларусаў.
Як паведаміла Свабодзе жыхарка Іркуцку Галіна Данілава, днямі там адбыўся пяты па ліку «іркуцкі карнавал». У касцюмаваным шэсці бралі ўдзел больш за 7 тысяч чалавек з 80 камандаў, яшчэ блізу 10 тысяч назіралі за дзеяй уздоўж усяго маршруту стракатай калоны. Асаблівую ўвагу прыцягвала да сябе беларуская частка праграмы, якая выбівалася з агульна-расійскай. Сібір здаўна стала другой радзімай для тысяч выхадцаў з Беларусі. Шмат каго саслалі туды ў бальшавіцкую кампанію раскулачвання, іншых прымусова эвакуавалі ў часе Першай сусветнай вайны. Беларуская суполка і цяпер застаецца адной з масавых, старанна захоўваючы нацыянальныя традыцыі. Ці не галоўная заслуга ў захаванні гістарычнай памяці належыць Іркуцкаму таварыству беларускай культуры імя Яна Чэрскага, сябры якога ніколі не забываліся пра свае карані, і перадусім яго заснавальніку Алегу Рудакову. Як удакладняе спадарыня Данілава, гэтым разам было вырашана прадэманстраваць іркуцянам сем галоўных беларускіх святаў. Калона была падзелена на сем групаў, над кожнай узвышалася прыгожа ілюстраваная таблічка з назваю свята па-беларуску і разгорнутым тлумачэннем па-руску.
Удзельнікі былі апранутыя адпаведна нагодзе, з належнымі атрыбутамі. Праз гукаўзмацняльную апаратуру гучалі песні, характэрныя для пэўнай дзеі. Расійцы пабачылі інсцэніроўкі «Калядаў», «Гукання вясны», «Камаедзіцы», «Вялікадня», «Купалля», «Дзядоў». Наперадзе крочылі бел-чырвона-белыя сцяганосцы, нацыянальныя сцягі былі і на аўтамабілях, адкрытая платформа якіх стала імправізаванай танцпляцоўкай для дзяўчат і хлопцаў у беларускіх строях.
Старшыня Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская кажа, што тамтэйшая беларуская выспа — надзвычай адметны прыклад таго, як можна і трэба ганарыцца сваім беларускім паходжаннем: «Гэта адна з самых актыўных суполак беларукай дыяспары, і сапраўды тамтэйшаму актыву ўжо можна ездзіць і даваць майстар-класы — як трэба арганізоўваць жыццё і дзейнасць беларускіх суполак у замежжы. Для нас, вядома, вельмі важна, вельмі паказальна тое, што Іркуцкае таварыства імя Яна Чэрскага, нягледзячы ні на якія цяжкасці, не толькі актыўна дзейнічае, але і ўзмацняецца. І, што самае важнае, да гэтай дзейнасці далучаецца шмат моладзі. Там няма беларускіх школаў, але тое, што трымаецца на таварыстве, на яго філіях, на актыўнасці сяброў, канкрэтна на энергіі Алега Рудакова, — гэта папросту ўнікальны прыклад беларускага жыцця».
Карэспандэнт: «Дзейнасць таварыства мае яскравы нацыянальны ўхіл. Ці няма прэтэнзіяў з боку мясцовай адміністрацыі да выкарыстання сцягоў, гербу „Пагоня“?» «І цяпер, і раней адміністрацыя ў іхнія справы не ўмешвалася. Яны займаюцца найперш культурніцкай дзейнасцю, захаваннем беларускай культуры, традыцыяў. Таму цалкам натуральна, што пры гэтым выкарыстоўваюцца нацыянальныя беларускія сімвалы. Вы ж бачыце здымкі з апошняга фестывалю? Значыць, арганізацыя дзейнічае, стаіць на тых прынцыпах, на якіх заўжды стаяла, ад свайго заснавання».
За некалькі дзён да карнавалу бел-чырвона-белыя сцягі луналі ў Іркуцку на канцэрце культавага рок-гурта «Ляпіс Трубяцкі». У шэрагу гарадоў выступы каманды Сяргея Міхалка забаранілі на той падставе, што беларускія музыкі падтрымалі народ Украіны супраць расійкай акупацыі Крыма, а таксама прыязджалі на кіеўскі Майдан. Аднак гэтым разам абышлося, выступ «Ляпісаў» прайшоў пад знакам «Пагоні» і пры поўным аншлагу ў клубе «Дикая лошадь».
А ў ноч на 22 чэрвеня беларускія актывісты зладзяць маштабнае Купалле. Як удакладняе адзін з самых вядомых у рэгіёне беларусаў Алег Рудакоў, свята праводзіцца вось ужо 19 гадоў запар, але гэтым разам яно пройдзе адразу ў двух месцах. Пад Іркуцкам арганізацыяй зоймуцца сябры таварыства імя Чэрскага, а ў каларытнай беларускай вёсцы Ахіны за 130 кіламетраў ад Іркуцка сумесна папрацуюць і павесяляцца ўдзельнікі клубу «Крывічы», ансамбля беларускай песні «Вяснянкі» і беларускага народнага хору «Варэнічкі». У праграме абедзвюх імпрэзаў — пошук чароўнай папараць-кветкі, провады Русалак, абрад купання ў гаючай вадзе, лекавы ўзвар, гаданне на вянках і, вядома ж, беларускае застолле.