ІІІ З’езд выпускнікоў Гайнаўскага беларускага ліцэя

"Час навукі ў Гайнаўскім беларускім ліцэі самы важны для мяне, - кажа старшыня Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа. - Тут мы спазнавалі сваю беларускасць”.

- Мы самі ездзілі ў студэнцкія рэйды, чыталі беларускія газеты, пачалі выходзіць “Сустрэчы”. Гэта быў час фармавання і адкрывання нашай беларускай прасторы і ў ёй замацоўвання, і гэта засталося ўжо на заўсёды.

Яўген Вапа з’яўляецца выпускніком Другога агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Ён таксама працаваў у ёй настаўнікам.

"Я выпускнік 1953 года - мы тут першыя пісалі экзамены на атэстат сталасці", - ўспамінае падчас ІІІ З’езду выпускнікоў Белліцэя ў Гайнаўцы Аляксей Харкевіч:

- Помню экзамен вусны… Я тут і вучыўся, і вучыў пасля тут сваіх вучняў. Нас тысячы выйшлі адсюль. І культуру беларускую падтрымліваем, сэрца радуецца.

Многія цяперашнія дзеячы беларускай культуры ды навукі ў Польшчы менавіта з Другога агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы.

У другі дзень З’езда выпускнікоў Гайнаўскага беларускага ліцэя ўдзельнікі праедуць вузкакалейнай чыгункай з Гайнаўкі ў Тапіла, дзе пройдзе бяседа. “З’езд гэта вельмі важная падзея у жыцці нашай школы”, - кажа дырэктар Белліцэя ў Гайнаўцы Яўген Сачко.

- Вакол гэтага з’езду будуецца атмасфера, будуецца традыцыя, будуюцца таксама сувязі паміж настаўнікамі, якія цяпер працуюць. Калі выпускнікі прыязджаюць да нас з адкрытым сэрцам, яны гавораць, што вельмі задаволеныя навучаннем у гэтай школе. Гэта вельмі добра для настаўнікаў, якія працуюць сёння, каб яны ведалі, што праца, якую яны штодзённа выконваюць, прыносіць свой плён.

Амаль 250 выпускнікоў прыехалі ў Другі агульнаадукацыйны ліцэй з дадатковым навучаннем беларускай мовы. З’езд пачаўся з рэгістрацыі ўдзельнікаў, затым прайшла афіцыйная частка.

Ніна Леанчук кажа, што на такія сустрэчы заўсёды хочацца прыязджаць:

- Я была на з’ездзе ў 2000 годзе, але мы былі толькі ўдвух. Я ўзяла справу ў свае рукі, сказала што, клас павінен быць - цяпер нас 35.

Сустрэчы выпускнікоў з былымі настаўнікамі праходзяць у класных кабінетах. У школьнай сталовай гасцей чакае абед, а ўвечары адбудзецца баль.