У сонечны травеньскі дзень, калі па ўсёй Латгаліі цвіла чаромха, у адным са старажытных гарадоў гэтага краю Латвіі - Вараклянах, адбылося адкрыццё выставы "Беларускія ўражанні" Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар".
Хоць ранняя вясна яшчэ не абудзіла поўную квецень латгальскіх садоў, але творы беларускіх мастакоў, насычаныя багатай палітрай колераў і стыляў, дабавілі да гэтай квецені і беларускія колеры, і радасны вясновы настрой наведвальнікам музея і жыхарам горада.
Выстава адкрылася ў Музеі Вараклянскага краю, што размясціўся ў старым былым палацы генерал-паручыка графа Міхаіла Борха. У экспазіцыі выстаўлены 37 прац жывапісу, графікі, акварэлі, скульптуры і фотамастацтва. Гэта літаграфіі і акварэль Алены Лаўрыновіч, малюнкі тушшу і жывапіс Алены Раманенка, акварэлі Вячаслава Лаўрыновіча, жывапіс Ганны Пейпіні, Надзеі Ізянёвай, Аліны Літвіненка, Тамары Насенка, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай, Алега Аблажэя і Яна Кузміцкага, драўляныя рэльефы і жывапіс Васіля Малышчыца, жывапіс і графіка Вячкі Целеша, каляровыя здымкі фотамастачкі Алены Ціхаміравай.
Падчас адкрыцця выставы беларускіх мастакоў віншавалі кветкамі і падарункамі латгальцы - дырэктарка музея Тэрэса Корсака, захавальніца фондаў і арганізатар выставаў Ілзэ Марынска, старшыня Думы Вараклянскага краю Марыс Юст, а таксама мясцовыя прыхільнікі мастацтва і культуры.
Пасля кавы супрацоўніца музея Ліга Осіпава правяла мастакоў па залах музея і расказала пра гісторыю рода Борхаў, які паходзіў з Італіі, пазней яго радаводныя галінкі былі звязаны з Польшчай, пра іх радаводны маёнтак і палац, пабудаваны ў 1789 г. па праекце італьянскага архітэктара Вінцэнца Мацоці. Побач з палацам па праекце гэтага ж архітэктара быў закладзены парк, які да сёння захаваў старыя дрэвы, планіроўку і свае легенды.
Пасля адкрыцця выставы па старым парку і па іншых гістарычных мясцінах горада экскурсію з мастакамі правяла вялікая прыхільніца гісторыі і мастацтва дырэктарка Тэрэса Корсака.
Выстава аб'яднання ў Вараклянах - гэта працяг вандровак беларускага мастацтва па Латгальскім рэгіёне, які быў пачаты ў 2011 годзе ў г. Рэзэкнэ. Вандроўкі выставы па гарадах Латгаліі - гэта добрыя крокі беларускіх мастакоў на шляху інтэграцыі грамадства ў Латвіі, што цяпер актуальна для латвійскай дзяржавы. Гэта не толькі папулярызацыя беларускага мастацтва, але і знаёмства беларусаў з гісторыяй, культурай і традыцыямі латгальцаў, з іх мовай. На гэтых выставах можна пачуць як латышскую, так і латгальскую і беларускую мовы. Мастацтва, культура і мова аб'ядноўваюць людзей.
Старшыня Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар" Вячка Целеш
На здымках:
Адкрыццё выставы
Пра гісторыю Варклян мастакам апавядае Ліга Осіпава
Мастакі Маю гонар і дырэктарка Тэрэса Корсака ля будынка музея
Мастакі ў графскім палацавым парку
ПАДЗЯКА АБ'ЯДНАННЮ МАСТАКОЎ-БЕЛАРУСАЎ БАЛТЫІ "МАЮ ГОНАР"ЗА ЭКСПАЗІЦЫЮ ВЫСТАВЫ Ў МУЗЕІ ВАРАКЛЯНСКАГА КРАЮ