24 траўня ў Нямеччыне пасля працяглай і цяжкай хваробы памёр знаны перакладчык беларускай літаратуры Уладзімір Чапега. Крыху менш за месяц ён не дажыў да свайго 75-годдзя. Ён нарадзіўся на беларускім Палессі ў сялянскай сям’і. Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моваў і год працаваў выкладчыкам у сваёй альма матэр.
Першыя пераклады Уладзіміра Чапегі з’явіліся ў друку ў 1971 годзе. Дзякуючы яму нямецкія чытачы атрымалі аповесці Васіля Быкава “Абеліск” і “Здрада”, раман Івана Мележа “Людзі на балоце”, кнігу эсэ Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”, аповесць Анатоля Кудраўца “Раданіца”, кароткую прозу Янкі Брыля, творы Лукаша Калюгі, Міхася Зарэцкага і яшчэ многіх беларускіх літаратараў.
Пісьменнік Уладзімір Арлоў кажа: "Хачу сказаць яшчэ пра адну заслугу Ўладзімера Чапегі перад нашай культурай. Ён быў шваграм славутага перакладчыка, беларусіста Норберта Рандава. Менавіта дзякуючы мужу сваёй сястры Гундулы Норберт зацікавіўся нашай культурай, авалодаў беларускай мовай і пераклаў цэлую беларускую бібліятэку".
Справа Уладзіміра Чапегі — гэта і пераклады нямецкіх аўтараў на беларускую: раманы Герберта Ота “Пара ў дарогу, буслы” (з Язэпам Семяжонам), Альфрэда Амэнды “Апасіяната”, Леангарда Франка “Ісусавы вучні” (з Гундулай Чапегай), асобныя творы Гермліна, Цвайга.
У старажытным нямецкім горадзе Нойштрэліц, які стаў для яго другой радзімай, і знойдзе апошні прыстанак беларускі перакладчык Уладзімір Чапега.
Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выказвае шчырыя спачуванні ўсім блізкім і родным спачылага. Светлая яму памяць!