Ліст ад Мэры Уэл - да 5-годдзя беларускай дызайнерскай кампаніі ў Канадзе “Spirit of Belarus”

Мая сяброўка па іголцы Мэры Уэл (Mary Wahl) узгадала, што ў мяне ёсць нагода адзначыцца: 5 год, як я заснавала сваю мастацка-дызайнерскую кампанію "Spirit of Belarus".

Няма ў мяне спецыфічнай даты заснавання - усё нараджалася спантанна. Але ўсё ж гэтае пяцігоддзе я адлічваю ад таго, як пад гэтым брэндам пачалося маё супрацоўніцтва з часопісам "A Needle Pulling Thread".

А ў Таронтаўскую гільдыю вышвальніц я прыйшла, калі дакладна, не 10, а 9 год таму. Дату буду спраўляць налета (трэба на гэты раз неяк падрыхтавацца ўсё ж). У 2005 годзе я з’явілася ў Гільдыі. Гэта я дакладна памятаю, бо гэта быў вельмі ўдалы час, бо якраз у той год, ў траўні, Гільдыя прымала ў сябе, у Таронта, штогадовы ўсеканадыйскі семінар. І я была шчаслівая бачыць усю "кухню" падрыхтоўкі, а затым мне яшчэ пашэнціла: арганізатары забыліся запрасіць фатографа, я прапанавала свае паслугі - і вуаля! - я мела пропуск на ўсе падзеі семінара й нават на заключны банкет! Вось там, на семінары, падчас шоў-выставы работ сябраў Канадыйскай асацыяцыі вышывальніц, мы з Мэры і пасябравалі: яна была арганізатарам і наглядальніцай там цягам некалькіх дзён, а я рабіла здымкі кожнай работы і дапамагала Мэры.

Зрэшты, мушу дабавіць свае падзякі ўсім таваркам па Гільдыі: мне на гэтай выставе на семінары зрабілі асобны куток-дысплей з маімі работамі пад назвай "Impressions of Belarus" - вось так яны прынялі "зялёнага новапрыбыша"... Але аб усім гэтым - наступным разам, налета, на дзесяцігоддзе...

А сёння - ліст-артыкул маёй сяброўкі Мэры, які яна даслала на бізнэс-старонку кампаніі "Spirit of Belarus". Я падаю пераклад на беларускую мову (лінк на арыгінал - ніжэй).

Мушу яшчэ сказаць пару слоў пра аўтара. Мэры Уэл - майстрыха-дызайнер у вышыўцы, у пэчворку і вырабленні лялек. Сябра многіх спецыялізаваных гільдый. Былая старшыня Таронтаўскай гільдыі вышвальніц. Пераможца шматлікіх конкурсаў, уладальніца шматлікіх узнагарод... Я ганаруся сваім сяброўствам з ёй. А сёння ўдзячная ёй за такі ліст і за тое, што нагадала мне пра мой маленькі юбілей.

Ірына Варабей

www.facebook.com/SoB.designs/posts/464517273651797 

Ліст ад Мэры Уэл (Mary Wahl)

"Споўнілася 5 год ад таго часу, як мая сяброўка Ірына заснавала сваю дызайнерскую кампанію "Spirit of Belarus". Дзесяць год таму яна прыйшла ў Таронтаўскую гільдыю вышывальніц. І вось я хачу сказаць некалькі словаў аб ёй - маёй добрай сяброўцы Ірыне.

Ірына - вельмі творчая асоба. Мяне вабяць ейныя вышыванкі й дызайны, якія заснаваныя на вобразах ейнай роднай беларускай культуры.

Мы пазнаёміліся з ёй на паседжаннях Таронтаўскай гільдыі вышывальніц, калі яна прыйшла да нас. Мы ўдвох пасябравалі, бо я часта падвозіла яе да найбліжэйшай станцыі метро. Праз гады было вельмі цікава назіраць, наколькі цудоўна яна задзейнічае сваю нацыянальную спадчыну ва ўсім, што робіць. І гэта ўсё нягледзячы на тое, што яна так даўно не была на радзіме.

У траўні 2005 года на сяброўскай выставе падчас семінару, які штогод ладзіць Канадыйская асацыяцыя вышывальніц, Ірына прадставіла дысплей са сваімі работамі. Гэта была першая для яе магчымасць паказаць сябрам Асацыяцыі ды іншым тое, што яна можа рабіць. Гэта былі работы ў стылізаваных дызайнах, заснаваных на нацыянальных арнаментах. Куток з ейнымі работамі прывабліваў многіх людзей такім кшталтам традыцыйнай этнічнай вышыўкі, дагэтуль невядомай канадыйскім рукадзельніцам. І тады яна вырашыла працаваць цалкам са сваімі нацыянальнымі матывамі. З другога боку, яна прагна хацела навучыцца новым тэхнікам. Такім чынам і нарадзіўся ейны ўласны адметны стыль этна-мадэрн: унікальны, прывабны - зусім не падобны на тое, што мы прывыклі бачыць. Ейныя вышыванкі сапраўды прыгожыя! Ейныя чароўныя беларускія дызайны вельмі прыемныя для вышывання. Вось таму Ірына вырашыла скарыстаць сваё дызайнерскае майстэрсва для таго, каб рабіць схемы для іншых і заснавала сваю кампанію.

Асабіста я атрымліваю асалоду ад ейных дызайнаў, зробленых у нацыянальным лубочным стылі. Яны заснаваныя на старых вобразах і гісторыях, якія для нас вельмі незвычайныя і прывабныя, бо цікава знаёміцца з новым падчас вышывання.

А яшчэ Ірына дае ўрокі. Вось напрыклад, у краме "Gitta's", дзе прадаюцца ейныя дызайны. Тут яна рабіла варштаты па сваіх дазайнах. У студзені 2014 яна навучала нас, дзённую групу Таронтаўскай гільдыі, як вышываць беларускай тэхнікай "нізанка" на прыкладзе сваіх дызайнаў. Усе былі вельмі задаволеныя гэтым варштатам, у многіх у выніку атрымаліся закончаныя вырабы. Нізанка - гэта адзін з відаў арнаментальнага выпляцення на тканіне. Ірына зрабіла нам слайд-шоў, на якім мы ўбачылі вельмі прыгожыя традыцыйныя беларускія ўзоры, вельмі мудрагелістыя, але насамрэч, робяцца яны проста. Некаторыя з іх ствараюць аптычны эфект. Такія ўзоры вышываліся на адзенні, посцілках, паясах, яшчэ на ручніках, дзе яны гралі сваю ролю ў старажытных язычніцкіх рытуалах і г.д. У гэтай тэхніцы няма вузлоў, а ўзор выглядае слушна з абаіх бакоў.

У дадатак да вышывання, Ірына яшчэ і цудоўны фатограф. Я захапляюся ейнымі здымкамі. Ведаю, яна выйграла некалькі прызоў у фатаграфіі. У яе ёсць сын, ён - выдатны спартовец-роварнік. Разам з ім ды ягоным роварам Ірына шмат вандруе, здымаючы ўсё на сваім шляху.

Схемы да Ірыніных дызайнаў ёсць у продажы. Вы можаце іх знайсці на ейным веб-сайце ды ў дзвюх ейных анлайн-крамах.

Мэры Уэл (Mary Wahl)

2 траўня 2014

https://www.facebook.com/SoB.designs/posts/464517273651797