12 красавіка 2014 г. Саюз беларусаў Латвіі сумесна з Кансультатыўным міжэтнічных саветам пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь правёў канферэнцыю-дыскусію “Культура яднае народы” і святочны канцэрт.
Мерапрыемства было арганізавана з ініцыятывы апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь з мэтай актывізацыі супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі беларусаў замежжа і пашырэння міжэтнічнага дыялогу Латвіі і Беларусі.
Удзельнікаў канферэнцыі з латвійскага боку вітала дэпутат 11 Сейма Латвіі Алена Лазарава, якая падкрэсліла, што менавіта павага нацыянальных і духоўных каштоўнасцяў іншага чалавека спрыяе наладжванню ўзаемаразумення і супрацоўніцтва паміж людзьмі. Дырэктар дэпартамента грамадскай інтэграцыі Солвіта Веверэ звярнула ўвагу на тое, што такія мерапрыемствы спрыяюць умацаванню дружбы народаў і дапамагаюць практычна знайсці агульную мову ў розных пытаннях. Максім Талстой, кіраўнік камітэта гарадскога развіцця Рыжскай Думы прывітаў усіх ад імя горада і адзначыў, што ў 2014 годзе Рыга мае статус Культурнай сталіцы Еўропы, і запрасіў гасцей канферэнцыі яшчэ не адзін раз наведаць наш цудоўны горад. З беларускага боку ўдзельнікаў канферэнцыі павітала Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы Даўгаполава Марына Іванаўна, якая адзначыла, што такія мерапрыемствы ўжо прайшлі ў Польшчы, Украіне, Літве пры актыўнай падтрымцы беларускіх дыяспар гэтых краін і цяпер такая сустрэча адбываецца на гасціннай Латвійскай зямлі. Таксама яна адзначыла неабходнасць далейшага супрацоўніцтва і працягу культурнага дыялогу паміж непасрэднымі ўдзельнікамі гэтага працэсу.
Падчас канферэнцыі было адзначана, што нацыянальныя меншасці ў Латвіі складаюць каля 40 % насельніцтва, у Беларусі - 15% і наданне ўвагі разнастайнасці нацыянальных культур актуальнае для кожнай дзяржавы.
Адбыўся абмен вопытам у дзейнасці грамадскіх арганізацый нацыянальных меншасцяў, былі закранутыя механізмы іх супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі і самакіраваннямі. Былі выказаныя цікавыя меркаванні з нагоды ўключэння ў дзейнасць культурных нацыянальных арганізацый мерапрыемстваў адукацыйнага і дабрачыннага характару, а таксама адзначаная неабходнасць накіроўваць высілкі на прыцягненне моладзі да вывучэння сваёй нацыянальнай культуры.
Прагучалі выступы Солвіты Веверэ, дырэктара дэпартамента грамадскай інтэграцыі Міністэрства Культуры Латвіі, Ейжэніі Алдэрмане, кіраўніка камісіі па адукацыі, культуры і спорту Рыжскай Думы, Анхеліты Каменскай, кіраўніка Латвійскага цэнтра абароны правоў чалавека, дырэктара Рыжскай беларускай асноўнай школы ім. Янкі Купалы Ганны Іване, Сасновіч Аляксандра, начальніка аддзела па справах нацыянальнасцяў апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь. Прагучала больш за 20 выступленняў кіраўнікоў нацыянальных аб'яднанняў Латвіі і Беларусі. Напрыканцы канферэнцыі было падпісанае Пагадненне і Праграма супрацоўніцтва паміж Кансультатыўным камітэтам пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь, у асобе старшыні Георгія Егіазаран, і Саюзам беларусаў Латвіі, у асобе старшыні Валянціны Піскуновай.