9 красавіка 2014 года ў Цэнтры беларускай культуры г. Даўгаўпілса была ўрачыста адкрытая народная беларуская бібліятэка.
Для ЦБК і культурна-асветніцкага таварыства "Уздым" адкрыццё народнай беларускай бібліятэкі стала выдатнай падзеяй. Бібліятэка збіралася многа гадоў па народным прынцыпе - з міру па нітцы. Кнігі прыносілі беларусы, іх прывозілі ў падарунак госці, дарылі паэты і пісьменікі. Так на кніжных паліцах набралася некалькі соцень тамоў, і тады пачалася праца па афармленні бібліятэкі. У гэтым Беларускаму дому вялікую дапамогу сваімі парадамі аказалі спецыялісты Латгальскай Цэнтральнай бібліятэкі. А работу сістэматызацыі бібліятэкі і яе афармленне з энтузіязмам выканала Тэрэза Паўлава, сябра таварыства "Уздым" і прафесійны бібліятэкар. Аб гэтым у прывітальным слове сказала кіраўнік ЦБК Жанна Раманоўская.
Тэрэза Паўлава расказала гасцям аб тым, што сабой уяўляе бібліятэка. У ёй звыш за 500 кніг пераважна на беларускай мове, кнігі класікаў і аўтараў беларускай літаратуры, даведачная літаратура. Перспектывай развіцця беларускай бібліятэкі спецыялісты назвалі яе падключэнне да электроннага каталогу Латгальскай Цэнтральнай бібліятэкі.
У Беларускага дома шмат сяброў, і гэта вялікае шчасце і добрая падтрымка. Павіншаваць беларусаў з адкрыццём бібліятэкі прыйшлі кіраўнік справамі Даўгаўпілскай гарадской думы Вольга Эсэ, консул Генеральнага консульства РБ у Даўгаўпілсе Юры Давыдоўскі, спецыялісты аддзела культуры Інара Барышнікава і Віта Вілеўка, супрацоўнікі Латгальскай Цэнтральнай бібліятэкі Дзыдра Ступане і Зянона Ціхамірава. І кожны прынёс у падарунак кнігі.
Яўгенія Гуляева і Жанна Раманоўская
Беларуская народная бібліятэка пакуль яшчэ невялікая, але для дыяспары яна служыць адкрытым сталом ідэй, за які запрошаны кожны і дзе кожны знойдзе тое, што патрэбна для творчасці, розуму, думак, самаадукацыі. У Беларускім доме ў цесным супрацоўніцтве муніцыпальнага Цэнтра беларускай культуры і грамадскага таварыства "Уздым" праходзяць канцэрты, абрадавыя святы, выставы, сустрэчы з паэтамі. Аб важнай ролі друкаванага слова расказаў старшыня беларускага культурна-асветніцкага таварыства "Уздым" Валеры Амбросаў.
У Беларускім доме шмат гадоў дзейнічае беларуская нядзельная школа "Вясёлка". Без бібліятэкі школу ўявіць цяжка. Настаўніца, сустаршыня беларускага культурна-асветніцкага таварыства "Уздым" Вольга Паўловіч падаравала бібліятэцы кнігі, а таксама адзначыла, што гэтая падзея ёсць прадаўжэннем традыцыі, бо да вайны ў Даўгаўпілсе дзейнічалі дзве беларускія бібліятэкі.
Жанна Раманоўская,
кіраўнік Цэнтра беларускай культуры
Вольга Паўловіч,
сустаршыня беларускага культурна-асветніцкага таварыства "Уздым"