26 красавіка 2014 года ў Нью-Ёрку адбыўся мітынг, прысвечаны 28-й гадавіне з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся насупраць будынку Генеральнай Асамблеі ААН у парку Ральфа Банча, каб зноў прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да чарнобыльскай трагедыі, а таксама нагадаць пра тое, што проста цяпер на тэрыторыі Беларусі актыўным ходам ідзе будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, якую ўжо многія ахрысцілі як "Другі Чарнобыль".
Арганізатарам акцыі выступіла беларуска-амерыканскае аб'яднанне "Пагоня". Перад прысутнымі выступілі старшыня задзіночання Віталь Зайка, кіраўнік арганізацыі "Беларусы ў выгнанні" Дзмітры Шчыгельскі, а таксама шэраг прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў ЗША.
У сваім звароце да прысутных Віталь Зайка нагадаў пра маштабы чарнобыльскай катастрофы, а таксама пра тое, як савецкае кіраўніцтва доўгі час наўмысна хавала ад сваіх грамадзян рэальныя наступствы аварыі. Але Віталь лічыць, што цяперашнія беларускія ўлады працягваюць традыцыі савецкага часу і не даюць насельніцтву поўную інфармацыю, у выніку чаго тысячы людзей па-ранейшаму жывуць на забруджаных тэрыторыях. Закранаючы пытанне будаўніцтва новай АЭС на тэрыторыі Беларусі, Віталь адзначыў, што, насуперак заяўленай мэты зніжэння энергазалежнасці ад Расіі, гэты праект ажыццяўляецца за расійскія грошы, з выкарыстаннем расійскіх тэхналогій і прыцягненнем расійскіх інжынераў і будаўнікоў.
Дзмітры Шчыгельскі, у сваю чаргу, заявіў аб тым, што Астравецкая АЭС будуецца ў адсутнасць належнай праектнай дакументацыі і экалагічнай экспертызы. Таксама Дзмітры зрабіў акцэнт на вострым недахопе кадраў для паспяховага функцыянавання станцыі, бо многія высокакваліфікаваныя спецыялісты, у тым ліку ў сферы ядзернай энергетыкі, у цяперашні момант працуюць за межамі Беларусі.
Напрыканцы мерапрыемства адбылося шэсце, пасля якога ўдзельнікі і арганізатары абмяняліся думкамі датычна чарнобыльскай праблемы.