17 красавіка ў Вялікі Чацвер у Вільні ў касцёле св. Барталамея адбылася св. Імша на беларускай мове. Імшу цэлебраваў кс. Даніла Сваяк.
Гэты дзень знакавы яшчэ і тым, што ўпершыню за ўсю гісторыю існавання Касцёла ў Вільні Велікодны Трыдуум распачаўся на беларускай мове, на якой і будзе служыцца. Гэта стала магчыма таму, што ў гэты дзень у Вільню прывезлі беларускі Імшал з той самай Друі, якая ў 20-х гг. мінулага стагоддзя была сэрцам адраджэння Беларускага Каталіцкага Касцёла. Па ім і служылася св. Імша. Наяўнасць Імшалу дае магчымасць праводзіць паўнавартастнае літургічнае служэнне на беларускай мове.
Нагадваем, што беларускія набажэнствы ў Вільні сталі рэгулярнымі і адбываюцца кожны дзень. У суботу Святочнае набажэнства на Вялікдзень распачнецца а 21.00. У нядзелю - а 7.00 раніцы.
Запрашаем усіх далучацца да набажэнстваў. Толькі разам адродзім Беларускі Каталіцкі Касцёл у Вільні, які тут мае глыбокія карані. Дадатковая інфармацыя па тэлефоне +370 6464 2403 (а. Даніла)