У горадзе Саўт-Рывер у штаце Нью-Джэрсі ў суботу 19 красавіка ўвечары каля праваслаўнай царквы св. Еўфрасінні Полацкай сабраліся прыхаджане і непрыхаджане на традыцыйнае асвячэнне велікоднае ежы.
Пры сонечным надвор’і ўрачыстасць асвячэння адбылася на траўніку каля царквы. Уздоўж царкоўнага будынку людзі паставілі кошыкі, напоўненыя чырвонымі яйкамі, бабкамі, мяснымі вырабамі, слоікамі з хрэнам ды запаленымі свечкамі. Настаяцель айцец Міхаіл у суправаджэнні царкоўнага хору блаславіў ежу й вернікаў.
Вялікія рэлігійныя святы служаць шмат каму добрай нагодай пабачыцца з сябрамі й знаёмымі, якія жывуць воддаль, але трымаюцца сваіх традыцыяў і захоўваюць памяць пра край паходжання.
Янка Запруднік, фота Надзеі Запруднік