Вернісаж «Дыханне зямлі» мастака Вячаслава Ігнаценкі - дыпламатыя выяўленчага мастацтва беларускай дыяспары Малдовы

«Дыханне зямлі» - з такой паэтычнай і энергетычна моцнай назвай на мінулым тыдні адкрылася новая мастацкая выстава нашага беларускага земляка Вячаслава Міхайлавіча Ігнаценкі. Уся ўрачыстая дзея адбылася ў самым цэнтры Кішынёва, у будынку Пасольства Венгрыі ў Рэспубліцы Малдова.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венгрыі ў Рэспубліцы Малдова спадар Маціяс Сілагі - сапраўдны знаўца і эксперт у галіне выяўленчага мастацтва, арганізатар шматлікіх мастацкіх выстаў і творчых сустрэч сярод дыпламатычнага корпуса Рэспублікі Малдова і творчай эліты краіны. Першае асабістае знаёмства спадара Пасла Маціяса Сілагі з творчасцю мастака Вячаслава Ігнаценкі адбылося на выставе «Дарога», якая мела месца мінулай восенню ў Бюро міжэтнічных адносін і зрабіла на высокапастаўленую персону велізарнае ўражанне. Захапленне работамі майстра і шчырае жаданне бліжэй пазнаёміць і іншых кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў Малдовы з творчасцю нашага беларускага земляка знайшло сваё адлюстраванне ў цёплым і сяброўскім вернісажы, арганізаваным гасцінным гаспадаром венгерскага Пасольства ў Рэспубліцы Малдова.

Вернісаж сапраўды аб'яднаў вялікую колькасць кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў з такіх краін як Беларусь, Венгрыя, Грузія, Італія, Расія і ЗША, а таксама прадстаўнікоў творчай эліты Малдовы.

У сваёй прывітальнай прамове Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венгрыі ў Рэспубліцы Малдова спадар Маціяс Сілагі выказаў вялікую падзяку ўсім сваім калегам дыпламатам, шчыра заклікаў прысутных падтрымліваць развіццё мастацтва ў Рэспубліцы Малдова і даў вельмі высокую ацэнку творчасці беларускага майстра, адзначыўшы дзіўную гульню мастака Ігнаценкі з колерам і святлом, а таксама ацаніў гармонію абраных для выставы прац. «Намаляваць добры пейзаж не значыць якасна скапіяваць прыроду, а значыць здолець увасобіць на палатне сваё ўражанне», - падкрэсліў спадар Пасол Маціяс Сілагі.

На вернісажы «Дыханне зямлі» мастак Вячаслаў Ігнаценка прадставіў больш за 20 сваіх пейзажаў, у асноўным Малдовы, але вядома ж, што натуральна для сапраўднага беларуса, не забыўся аўтар выставіць і краявіды роднай зямлі.

У прывітальным выступе мастак Вячаслаў Ігнаценка шчыра прызнаўся, што адбіраць працы для мастацкай выставы, тым больш такога дыпламатычнага рангу, - заўсёды вялікі галаўны боль, не зважаючы нават на пачцівы прафесійны вопыт. Вячаслаў Міхайлавіч таксама распавёў пра сваю творчую дзейнасць і падзяліўся з гасцямі сваімі планамі з гэтай нагоды: «Прайшло роўна 30 гадоў, як я ўпершыню афіцыйна выставіўся на мастацкай выставе, гэта быў 1984 год – горад Кішынёў, у лістападзе адчыняю персанальную выставу ў галерэі Саюза мастакоў Малдовы «Канстанцін Брынкуш», у гэтым годзе мне спаўняецца 60 гадоў, атрымліваюцца нейкія толькі юбілейныя даты».

І сапраўды, у таленавітага і творчага чалавека павінна перыядычна сыходзіцца ўсё ў адным пункце, каб пераходзіць на новы віток свайго існавання, яшчэ больш важны і яшчэ больш поўны сваім зместам як для сябе самога, так і для ўсёй навакольнай рэчаіснасці ў цэлым. Дыпламатыя выяўленчага мастацтва мастака беларускай дыяспары Малдовы Вячаслава Ігнаценкi не ведае межаў і з'яўляецца ўніверсальным сродкам разумення той прыгажосці па-беларуску, якая не мае патрэбы ні ў дадатковым перакладзе, ні ў тлумачэнні.

 «Дыханне зямлі» ўжо аж 37-я па ліку персанальная выстава майстра. Нястомная працавітасць і дзівосныя творчыя вынікі мастака Вячаслава Ігнаценкі – невычэрпны працэс праявы сілы беларускага мастацтва на любой адлегласці ад роднай зямлі. Менавіта праз талент такіх прадстаўнікоў беларускага этнасу, праз іх бескарыслівую людскую сапраўдную творчую актыўнасць, мы – беларусы замежжа - фізічна адчуваем дыханне беларускай зямлі, яго пранікненне ў нашыя беларускія душы.

Хацелася б яшчэ раз адзначыць, што такія сапраўды ўнікальныя творчыя асобы як мастак Вячаслаў Міхайлавіч Ігнаценка павінны мець увагу і высокую ацэнку не толькі ад высокапастаўленых прадстаўнікоў іншых народаў і краін, але і ад роднай беларускай зямлі, якая мае ўсе падставы ў поўнай меры ганарыцца такімі сынамі беларускага народа.

Мазур Ганна

культуролаг, Лідар Беларускага культурнага руху Рэспублікі Малдова «Кліч»


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение