У пачатку ХХ стагоддзя Вільня была цэнтрам беларускага адраджэння. Разам з грамадскай, культурнай дзейнасцю развіваўся і нацыянальны каталіцкі рух: прамаўляліся першыя казанні на роднай мове ў найноўшай гісторыі, на ёй выдаваліся каталіцкія малітоўнікі, газеты, часопісы. Таксама важную ролю ў станаўленні нацыянальнай Царквы адыгралі Віленская каталіцкая семінарыя, са сцен якой выйшлі практычна ўсе будучыя дзеячы беларускага каталіцтва, і беларускі кляштар айцоў марыянаў, узгадаваўшы цэлае пакаленне шчырых і самаадданых святароў-манахаў, якія ў пазнейшыя часы не давалі згаснуць беларускаму агеньчыку ў эміграцыйных асяродках, раскіданых па ўсім свеце.
Тады, у пачатку ХХ стагоддзя, у міжваеннай Вільні менавіта беларускі каталіцкі рух быў адным з цэнтраў нацыянальнага жыцця беларусаў, і дзякуючы самаахвярнай працы святароў-адраджэнцаў не згасала самасвядомасць у душы як простага беларуса, так і інтэлігента, і запаленая імі паходня беларускасці не давала забывацца пра карані.
Працэсам увядзення роднай мовы ў рэлігійнае жыццё займаліся беларускія святары-адраджэнцы: Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Казімір Сваяк, Язэп Германовіч, Уладыслаў Талочка, Адам Лісоўскі, Ільдэфонс Бобіч, Віктар Шутовіч, Казімір Кулак, Уладыслаў Чарняўскі... Немалазначны ўклад унесла і каталіцкая іерархія: біскупы Эдвард Роп, Юры Матулевіч. Менавіта пад іх абаронай і прыхільным стаўленнем да беларусаў і іх мовы зараджаліся ў Каталіцкай Царкве на гэтай зямлі працэсы беларусізацыі.
Аднак беларускі каталіцкі рух у Вільні перапыніў сваё існаванне у 1949 годзе ў сувязі з арыштам і смяротнай ссылкай беларускага душпастыра Віленшчыны кс. Адама Станкевіча.
Дзякуючы няспыннай малітве шматлікіх беларусаў з усяго свету ды дабрыні віленскага Мітрапаліта пачынаецца адраджэнне беларускага рэлігійнага жыцця ў сучаснай Вільні!
У касцёле святога Барталамея на Зарэччы (Užupis) распачынаюцца рэгулярныя беларускамоўныя набажэнствы:
буднія дні - святая Імша а 8.00. нядзеля - святая Імша а 12.00.
Споведзь перад кожнай Імшой альбо пасля па дамоўленнасці. Наведванне хворых пасля нядзельнай Імшы. Нядзельная Імша на Вербніцу распачнецца а 12.00 асвячэннем ды ўрачыстым уваходам з вербамі (пальмамі). Запрашаюцца ўсе ахвотныя з музычным слыхам да хору. Дадатковая інфармацыя па тэлефоне +370 6464 2403 Беларусы Вільні