Да 70-годдзя Петруся Капчыка

Спадар Пятрусь Капчык, кіраўнік суполкі беларускай культуры "Зорка Венера" нарадзіўся 23 красавіка 1944 года ў вёсцы Раўнаполле Рудзенскага (цяпер Пухавіцкага) раёну за 37 кіламетраў ад беларускай сталіцы. Жыццё яго склалася так, што ўжо ў 19-гадовым узросце ён пакідае родную Беларусь: у 1963 годзе ён пачынае вучыцца ў ГарПТВ №26 Данецка, дзе асвойвае прафесію муляра. Потым было Макееўскае педагагічнае вучылішча і школа-інтэрнат №2 у Канатопе, дзе сваю педагагічную працу ён пачынае старэйшым піянерважатым... Туга па Беларусі не давала спакою, і ад верасня 1967 года Пятрусь Міхайлавіч працуе выкладчыкам фізкультуры і тэхнічнай працы ў васьмігадовай школе вёскі Брадзяцін Маларыцкага раёну на Берасцейшчыне. Праз год ён ужо настаўнік беларускай мовы і літаратуры й нямецкай мовы ў Карнюткаўскай васьмігодцы Валожынскага раёну (заўважу, што з Валожыншчыны родам цяперашні амбасадар Беларусі ва Украіне спадар Вялічка, дарэчы, аднагодак П.М. Капчыка). Побач з Карнюткамі вёска Пугачы - радзіма вядомага беларускага паэта Віктара Шніпа, які цяпер кіруе выдавецтвам "Мастацкая літаратура"; дык вось наш юбіляр пасябраваў з ім у менавіта гэты час жыцця, бываў у Віктаравых Пугачах, любіць паэзію Віктара і ягонае жонкі Людмілы Рублеўскай, а іхнія зборнічкі вершаў з аўтографамі можна сёння па- бачыць на выставе ў раённай бібліятэцы... Не сядзіцца дома "хлопчыку малому"... - гэта датычыцца й Петруся! Каб праз 14 гадоў павярнуцца назад да настаўніцкай працы, ён працягвае "пошукі сваёй прафесіі".

У 1969 годзе становіцца студэнтам Мінскага кааператыўнага тэхнікума па спецыяльнасці "таваразнаўства кнігі"; падчас практыкі ў мінскай кнігарні сустракаецца са славутымі беларускімі пісьменнікамі Уладзімірам Караткевічам, Васілём Быкавым, Нілам Гілевічам, Еўдакіяй Лось, Станіславам Шушкевічам, Анатолем Вярцінскім, Рыгорам Барадуліным... усіх й не пералічыць!

У гады студэнцтва ягоныя допісы друкуюцца ў "Літаратуры і Мастацтве", "Чырвонай Змене", "Голасу Радзімы", "Мінскай праўдзе", іншых газетах і часопісах... Пасля тэхнікума была праца ў кніжным гандлі Століна і Вялікай Бераставіцы... Ад 1973 года спадар Пятрусь канчаткова з’язджае з Беларусі. Спачатку была вучоба на філалагічным факультэце Дагестанскага Дзяржуніверсітэта, які скончыў з "чырвоным" дыпломам, затым была журналісцкая праца ў абласной газеце "Кулябская правда" (Таджыкістан), потым - вяртанне ва Украіну і жаніцьба, якая ўжо, спадзяемся, назаўсёды прывязала яго, цьфу-цьфу, да "аседлага" спосабу жыцця... Дзе б наш сябра ні жыў, ён не здраджваў сваёй беларускасці: беларуская мова, літаратура, культура, гісторыя заўсёды з ім. У Ізяславе сённяшняя суполка беларускай культуры "Зорка Венера" пачыналася ў 1985 годе з гуртка беларускай мовы "Мова нашых пабрацімаў" у сярэдняй школе №1, дзе нястомны папулярызатар роднага слова за межамі Беларусі працаваў да жніўня 2011 года, да выйсця на пенсію, і ўсе гэтыя 29 гадоў спадар Пятрусь Капчык  не дае "затухнуць полымю беларускасці" ў невялікім правінцыйным гарадку на рэчцы Гарынь, якая нясе свае воды на яго гістарычную Радзіму - Беларусь!

У 2005 годзе  наш кіраўнік суполкі атрымаў Дыплом лаўрэата конкурсу "Нашчадкі Скарыны" ( замалёўка змешчаная на 16-й старонцы "Голасу Радзімы" №15-17 за 28 красавіка разам з ягоным апавяданнем "Маці"). За шматгадовае супрацоўніцтва з газетай "Голас Радзімы" і шэраг цікавых паведамленняў пра дзейнасць беларускіх суполак ва Украіне, папулярызацыю беларускай культуры і мовы сярод суайчыннікаў замежжа і ў сувязі з 50-годдзем газеты "Голас Радзімы" Старшыня Камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Саўміне РБ даслаў спадару П.М. Капчыку "Падзячнае пісьмо". Ёсць пра яго артыкулы ў даведніках "Беларускае замежжа" і "Хто ёсць хто сярод беларусаў свету".

Пятрусь Капчык быў сябрам аргкамітэту па стварэнні Усеукраінскага Саюзу Беларусаў. Ён - Сябра Галоўнай Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", браў удзел ва ўсіх мерапрыемствах арганізацыі. Спадар Пятрусь валодае 6-цю мовамі: беларускай, польскай, украінскай, рускай, нямецкай і французскай. Піша на беларускай і рускай вершы і гумарэскі, апавяданні, перакладае з французскай і нямецкай на беларускую. Яго творы друкуюць мясцовыя газеты, раз-пораз яго допісы з’яўляюцца ў перыёдыцы замежжа. У 2011 годзе наш кіраўнік браў удзел у Першым фестывалі мастацтваў беларусаў свету, дзе быў узнагароджаны Дыпломам лаўрэата фестывалю і атрымаў Падзяку Міністра Культуры Рэспублікі Беларусь спадара Паўла Латушкі "за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю беларускай культуры і традыцый за мяжой".

Міхась Слабоцкі, сябра суполкі беларускай культуры "Зорка Венера"