Беларускі палітуцякач Аляксей Шыдлоўскі атрымаў адказ з паліцыі з нагоды інцыдэнту 28 лютага на хакейным матчы КХЛ паміж камандамі «Леў» (Прага) і «Дынама» (Мінск), калі ахова спартовай арэны забараніла бел-чырвона-белы сцяг і збіла заўзятара.
Шыдлоўскі: Атрымаў ліст ад паліцыі Чэшскай рэспублікі з вынікамі расследавання наконт інцыдэнту на хакеі. Акрамя мяне былі дапытаныя хлопцы-ахоўнікі і кіраўнікі лядовай арэны. Выснова была, што я і мае сябры парушылі некалькі пунктаў правілаў ТIP Sport арэны — прынеслі сцяг, які як бы незарэгістраваны, дакладней было напісана: пранеслі забаронены сцяг. І ахова абсалютна слушна, па іх меркаванні, гэты сцяг у нас забірала. Такім чынам, паліцыя не лічыць, што іх дзеянні перавысілі закон. І паколькі ў мяне не было значных цялесных пашкоджанняў, то ў завядзенні крымінальнай справы было адмоўлена. Соўсь: Як вы самі ацэнваеце такі вердыкт паліцыі? Шыдлоўскі: Гэта вельмі дрэнны прэцэдэнт, таму што сюды і надалей будуць прыязджаць беларускія спартовыя клубы, зборная Беларусі... Я ведаю, што шмат хлопцаў і дзяўчат збіраюцца прыходзіць на матчы з бел-чырвона-белымі сцягамі, заўзець за беларусаў. І калі ўвесь час будуць збіваць за сцяг, то нічога добрага не будзе. Соўсь: Ці будзеце апратэстоўваць гэтае рашэнне? Шыдлоўскі: Юрыдычна няма магчымасці. На будучыню паспрабуем пайсці ў нейкія іншыя ўстановы, каб загадзя дамовіцца аб дазволе праносіць бел-чырвона-белыя сцягі. А менавіта гэтае рашэнне з паліцыі апратэстоўваць ужо нельга.
«Я з сябрамі, беларусамі і не толькі (быў хлопец з Нарвэгіі) пайшоў на хакейны матч Кантынэнтальнай Хакейнай Лігі „Дынама“ Мінск і „Леў“ Прага. Вырашылі падтрымаць каманду бел-чырвона-белым сцягам. Першы перыяд прайшоў без ускладненняў, у другім перыядзе падышла ахова арэны і прапанавала сцяг прыбраць, бо гэта не адпавядае нейкім нормам бяспекі. Пасля чаго я папрасіў іх патлумачыць, якім нормам. Паціснулі плячыма і сышлі. У трэцім перыядзе яны падышлі зноў і сказалі, што ў мяне ёсць час прыбраць сцяг (а ён быў накінуты мне на плечы) альбо сысці з арэны, альбо яны выкарыстаюць сілу. Яны патлумачылі, што тут знаходзіцца нейкі чыноўнік з Беларусі і прадстаўнік „Газпрому“, які з'яўляецца спонсарам КХЛ і клуба „Леў“. Да гэтага яны прыбралі два сцягі ў фанацкім сектары „Дынама“. Я адмовіўся гэта зрабіць катэгарычна. Тады яны, узяўшы мяне за рукі і ногі, пачалі спрабаваць вынесці мяне, але я абхапіў крэсла, у іх не атрымалася гэта зрабіць, і пасля пяці хвілін штурханіны ім ўдалося сарваць з мяне сцяг і яны ўцяклі. Але пасля гульні я пайшоў да іх разбірацца. Яны сказалі, прабач, сябра, гэта такі загад, мы нічога не можам зрабіць, вярнулі сцяг, і на гэтым канец гісторыі.» Рада БНР рыхтуе з гэтай нагоды зварот да прэзідэнта і ў дзяржаўныя органы Чэшскай рэспублікі.
Аляксей Шыдлоўскі быў адным з першых рэпрэсаваных за бел-чырвона-белы сцяг. У жніўні 1997 года ён быў арыштаваны і асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі. Прысуд вынес Мінскі абласны суд, які прызнаў Аляксея Шыдлоўскага, разам з іншым маладафронтаўцам, 16-гадовым мінчуком Вадзімам Лабковічам, вінаватым у нанясенні ў Стоўбцах палітычных графіці: на будынку райвыканкаму актывісты напісалі «Жыве Беларусь», «Пазьняк — наш прэзыдэнт», а таксама замянілі чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы і вывесілі ў горадзе каля дзясятка нацыянальных сцягоў. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны як хуліганства. У 2008 годзе Шыдлоўскі атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.